МІНСК, 22 кра —Sputnik. Беларусь далучылася да Міжнароднага дня Зямлі-2017, у гэтым годзе ў рэспубліцы ён пройдзе пад дэвізам "Зялёныя гарады", пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Наталля Жаркіна.
Актыўны ўдзел у акцыі прымуць тры беларускіх горада — Полацк, Наваполацк і Наваградак. Там будзе праведзена азеляненне тэрыторыі, спецыялісты створаць транспартную інфраструктуру, якая будзе спрыяць паляпшэнню атмасфернага паветра ў названых гарадах.
"У краіне разглядаецца адзін з праектаў акцыі "Зялёныя гарады". Агульная сума фінансавання складзе каля 13 мільёнаў долараў, з іх 3,1 мільёна будзе прадастаўлена з фонду ПРАААН", — паведаміла Жаркіна.
Яна адзначыла, што ў межах мерапрыемства будзе нададзена асаблівая ўвага азеляненню пешаходных вуліц, павелічэнню колькасці веламаршрутаў і кропак пракату ровараў.
Акрамя гэтага Наталля Жаркіна паведаміла, што за час правядзення рэспубліканскіх суботнікаў толькі ў Мінску ў гэтым годзе высаджана каля 11 тыс. дрэў і 23 тыс. кустоў.
"Дзякуючы захаванню традыцыі арганізацыі суботнікаў робіцца вельмі многае па азеляненні нашай краіны. Перафразуючы радкі з "Маленькага прынца": "Прачнуўся, памыўся — прывядзі ў парадак сваю планету", тут хачу сказаць: "Прыйшла вясна — прывяду ў парадак сваю зямлю", — адзначыла Жаркіна.
Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі сёння, да яго далучацца жыхары ўсіх абласцей краіны. Удзел у мерапрыемствах возьмуць як супрацоўнікі буйных прадпрыемстваў, так і студэнты, і нават пенсіянеры.
На добраўпарадкаванне выйдуць і прадстаўнікі ўсіх галін улады Беларусі: удзел у суботніку традыцыйна прымае і прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, і іншыя чыноўнікі высокага рангу.
Месца правядзення суботніка ў кожным канкрэтным выпадку вызначаюць выканкамы. У сталіцы асноўныя мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскага суботніка пройдуць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Трасцянец, на Чыжоўскіх могілках, стадыёне "Дынама", у раёне МКАД і на іншых аб'ектах.
Палова выручаных сродкаў будзе накіравана на рэканструкцыю гістарычных помнікаў, астатняя частка будзе перададзена Міністэрству фінансаў Беларусі.