Эдуард Ханок зноў усіх здзівіў: даследчык, пісьменнік, народны артыст Беларусі публічна забараніў выкананне сваіх песень Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленка. Гаворка ідзе пра такія ўсенародна любімыя хіты, як "Малиновка", "Я у бабушки живу", "Завiруха", "Лягу-прылягу"…
Тэма захавання аўтарскіх правоў на музычныя творы ў апошні час набывае ўсё большую вастрыню і пікантнасць: кампазітары і паэты ўсё гучней заяўляюць пра свае правы на інтэлектуальную ўласнасць — на песні і тэксты твораў, якія любімыя намі ўжо не адно дзесяцігоддзе. У чым прычына нечаканай заявы Эдуарда Ханка?
Мы запрасілі ў студыю радыё Sputnik Беларусь Эдуарда Ханка і паспрабавалі растлумачыць сітуацыю.
"10 лютага ў Палацы Рэспублікі быў канцэрт памяці Аляксандра Ціхановіча, дзе была дапушчана ўнікальная бестактоўнасць. У зале сядзелі чатыры народных артыста — аўтары песень, напісаных для гэтага дуэта, а таксама жонка народнага артыста СССР Яўгена Глебава. Ні адзін аўтар не быў абвешчаны. Напрыканцы канцэрту зала спявала "Малінаўку", стаяў "пусты" раяль, што ў адносінах да аўтара песні (Ханка — Sputnik), прысутнага ў зале, з'яўляецца поўнай бестактоўнасцю", — распавёў кампазітар.
Эдуард Ханок лічыць, што такі падыход да яго і яго творчасці стаў сістэмай, а ў адказ на яго прапанову заключыць дамову на далейшае выкарыстанне песні "Лягу-прылягу" Анатоль Ярмоленка адказаў, што ў яго таксама добрыя адвакаты.
Аргумэнтацыя аўтара зразумелая, хочацца спадзявацца на мірнае ўрэгуляванне праблемы і магчымасць працягу жыцця песень Эдуарда Ханка ў выкананні любімых артыстаў.
Радыё Sputnik Беларусь гатова даць магчымасць выказаць свой пункт гледжання Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленка.