Вядучаму радыё Sputnik Беларусь Аляксандру Крывашэеву Іван Вабішчэвіч распавёў, чаму сам аддае перавагу працы без прадзюсара і не імкнецца апекаваць кагосьці з маладых артыстаў.
"Я не гатовы пакуль браць на сябе адказнасць за іншых людзей, я сам у пошуку сябе. Калі я яшчэ дакладна не вызначыў, што рабіць з самім сабой, то брацца за кагосьці і "трэніравацца на котках" — гэта неяк не па-чалавечы. Хоць адзін мой знаёмы прадзюсар з Масквы казаў, што быць прадзюсарам цяжка і адказна, але ўсё ж гэта лепш, чым працаваць", — пажартаваў Іван Вабішчэвіч.
Артыст распавёў і пра здымкі юбілейнага канцэрта расійскага шоу "Голас", які адбыўся ў Крамлі. У 2013 годзе Іван Вабішчэвіч прымаў удзел у другім сезоне папулярнага праекта.
"Праз "жорны" шоу "Голас" за пяць сезонаў прайшло амаль 750 чалавек. І тое, што пра мяне ўспомнілі і паклікалі на юбілейны канцэрт, напэўна, кажа пра тое, што чымсьці я запомніўся. У эфіры гэта будуць два канцэрты, у якіх з'явяцца і вучні, і настаўнікі, і дуэты, і сольныя варыяцыі", — распавёў артыст.
У бліжэйшы час Іван Вабішчэвіч мае намер прыняць удзел у новым тэлевізійным праекце "Пераможца атрымлівае ўсё", кастынгі якога ўжо стартавалі ў Расіі. Адрозненне гэтага праекту ад папярэдніх конкурсных шоу ў біяграфіі Івана Вабішчэвіча заключаецца ў тым, што выканаўца зможа выйсці на сцэну разам са сваім гуртом "One Hell Thing".
"У маім выпадку маральна прасцей працаваць з гуртом. Таму што, як кажуць, мы з першага класа разам. Я ж з гуртом пачынаў, і менавіта з гэтым гуртом усё і працягваецца. Так атрымлівалася, што ў шматлікіх тэлепраектах ва Украіне і Расіі я ўдзельнічаў сольна і, па словах суддзяў, было відаць, што гурта на сцэне мне вельмі не хапае", — адзначыў Іван Вабішчэвіч.
Артыст распавёў і аб планах здымак даўно абяцанага прыхільнікам кліпа на песню "Шчасце", для якога, па прызнанні Івана Вабішчэвіча, пакуль шчыра не хапае сродкаў.
"Песня "Шчасце" існуе ўжо два гады. І можна сказаць, пакуль гэта лепшае, што мне ўдалося напісаць. Ужо ёсць і сцэнар, і каманда, і дамоўленасці з патрэбнымі людзьмі. Напрыклад, нам патрэбна будзе рэальная шахта. Усё пытанне ў сродках", — паведаміў выканаўца.
Пры гэтым варыянт збору сродкаў на краудфандынгавай платформе Іван Вабішчэвіч разглядаць пакуль не мае намеру. "Не люблю быць у абавязку ў кагосьці. Для мяне гэта пытанне адказнасці", — кажа артыст.
Поўную версію размовы з рок-музыкам, шоумэнам, акцёрам, лідарам гурта "One Hell Thing" Іванам Вабішчэвічам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.