Дзеля любімай справы настаўніца з горада Капыль Вольга Старасціна чатыры гады таму пайшла са школы. Адкрыўшы для сябе вытанчаную прыгажосць старадаўніх ірландскіх карунак, яна вырашыла ператварыць хобі ў бізнес — і заказы на яе працы ўжо распісаны на тры гады наперад. Увага медыя дадала яшчэ больш папулярнасці яе майстэрскім тварэнням.
"Я з першай працы прадаю за мяжой свае карункі — ужо больш за 7 гадоў ствараю аўтарскія ручныя калекцыйныя работы класа "люкс" кручком у старадаўняй тэхніцы ірландскіх карунак. З 2010 года зарэгістравалася ў Беларусі рамеснікам, з 2016 года — у Міжнароднай арганізацыі каруначніц OIDFA", — распавяла Вольга карэспандэнту Sputnik.
Нарадзілася Вольга ў вёсцы Сноў Нясвіжскага раёна, а цяпер марыць аб студыі ў Парыжы. Майстар удзельнічала ў выставе "Формула рукадзелля" у Маскве ў 2014 годзе, у тым жа годзе прыняла ўдзел у выставе ў Мінску. Вольга публікуе свае працы ў рукадзельных часопісах Беларусі і Расіі.