МІНСК, 5 мая — Sputnik. Акцыя "Бессмяротны полк" у Мінску ўсё ж пройдзе, паведаміў Sputnik адзін з арганізатараў шэсця, экс-дэпутат Валерый Драко.
Акцыя "Бессмяротны полк" упершыню прайшла ў Расіі і з часам ахапіла многія краіны свету: людзі ў гонар Дня Перамогі праходзяць па цэнтральных вуліцах гарадоў з партрэтамі ваяваўшых у Вялікай Айчыннай вайне сваякоў. Удзельнічаў у "Бессмяротным палку" ў мінулым годзе і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Арганізатары шэсця ў Мінску падавалі заяўку на правядзенне акцыі 9 мая ў сталіцы. "Нам адказалі, што мы можам далучыцца да рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае", — распавёў Sputnik заяўнік акцыі пра адказ з Мінгарвыканкама.
Па словах Драко, акцыю ў Мінску плануецца пачаць асобна ад "Беларусь памятае": збор людзей з партрэтамі прызначаны 9 мая на 10:30 раніцы каля Белдзяржфілармоніі.
"Потым мы пройдзем да плошчы Перамогі, дзе да ўсіх далучымся пад сваім банэрам", — дадаў Драко.
У 2016-м шэсця "Бессмяротнага палка" у Мінску не было, аднак падобнае мерапрыемства праходзіла ў Брэсце. У бягучым годзе акцыю таксама правядуць у горадзе над Бугам, а арганізатары плануюць паставіць у Брэсцкай крэпасці намётавы гарадок.