МІНСК, 15 мая — Sputnik. Сёлета ў свеце ў 40 раз будзе праходзіць "Ноч музеяў", у беларускім святкаванні возьмуць удзел 92 установы гісторыі культуры, урачыстасці будуць доўжыцца з 13 па 21 мая.
Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, непасрэдна ў Міжнародны дзень музеяў 18 мая ўваход ва ўстановы будзе вольным, у астатнія дні — за сімвалічную плату.
Праграмы "Ночы музеяў" у Мінску:
Нацыянальны мастацкі музей прапануе наведвальнікам праграму паводле рамана Хуліа Картасара "Гульня ў класікі" — госці змогуць самі абраць схему наведвання музея, падобна таму, як чытач сам абірае шлях знаёмства з кнігай "Гульня ў класікі".
Мерапрыемства пройдзе з 19:00 да 00:00. Кошт квітка — 5 рублёў.
Нацыянальны гістарычны музей прапануе ўзяць удзел у квэсце "Таемнымі шляхамі кантрабандыстаў", што будзе праходзіць не толькі ў памяшканні музея, але і ва ўнутраным дворыку, а таксама праглядзець выступленне франкафоннага тэатра.
Мерапрыемства пройдзе ў ноч з 20 на 21 мая, з 20:00 да 02:30. Кошт квітка — 1-3 рублі.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставіць адмысловую праграму "Горад засыпае, прачынаецца музей" 20 мая, 18:00 да 22:50. Для наведвальнікаў у форме Чырвонай арміі ці форме Савецкай арміі і грамадзянскіх убраннях 30-х-50-х гадоў — уваход вольны.
Дзяржаўны музей беларускай літаратуры прадставіць праграму "Ноч. Ліхтар. Траецкае. Музей", у межах якой можна будзе патрапіць на баль XIX стагоддзя.
Баль распачнецца а 18-й гадзіне 20 мая.
У Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы "Ноч музеяў" пройдзе пад дэвізам "Будзь ЯК" — наведвальнікам зладзяць майстар-класы па старажытных танцах, пазнаёмяць з беларускай геральдыкай, запросяць у таварыствы філаматаў і філарэтаў.
Мерапрыемства пройдзе 20 мая. Кошт квітка — 1 руб.
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей імя Якуба Коласа прадставіць вялікую тэатралізаваную праграму, прысвечаную 135-годдзю са дня нараджэння паэта.
Уваход вольны.