МІНСК, 16 мая — Sputnik. Беларускі дызайнер Аляксей Лімонаў распавёў спецыяльна для Sputnik, як супрацоўнічаў з вядомым расійскім рэп-гуртом над вокладкай для новага альбома.
Паводле яго словаў, пасля перамогі ў конкурсе Rijksstudio Award 2017 у Амстэрдаме і вяртання ў Мінск было шмат праектаў, але літаральна на наступны дзень на электронную скрыню прыйшоў ліст ад лэйбла "Respect Production".
"Прапанова аб супрацоўніцтве/вокладка для "Касты". Спачатку я скептычна да гэтага ліста паставіўся, але потым падумаў сам сабе "ці не тая гэта Каста?", — распавёў Аляксей.
Прапанова аб супрацоўніцтве прадугледжвала вельмі складаныя патрабаванні тэхнічнага задання, якое патрэбна было цалкам зрабіць за тры дні.
"Вельмі важна было зрабіць герб (арла/змея) не падобным на герб РФ. Было шмат каментарыяў да эскізаў і ў выніку працу зацягнулі яшчэ на два дні", — патлумачыў дызайнер.
Ён распавёў, што калі вучыўся ў Гомельскім мастацкім вучылішчы, то рабіў вокладку для гурта "Каста". Гэта было навучальнае заданне — афармленне дыска. Праз некаторы час, адбыўся такі дзіўны збег абставінаў і атрымалася стварыць праект.
"Ужо пасля я даведаўся, што мая перамога ў конкурсе і "хайп" у інтэрнэце не паўплывалі на выбар мяне як дызайнера вокладкі", — рэзюмаваў Аляксей Лімонаў.