МІНСК, 22 мая — Sputnik. Музычны гурт Vuraj 20 чэрвеня прадставіць на сцэне Купалаўскага тэатра новую музычную праграму "Літо".
Саліст гурта Сяржук Доўгушаў распавёў, што "ў Купалаўскім усіх чакае вялікі сольны канцэрт і прэзентацыя новай праграмы. Гэта будзе па-свойму ўнікальны канцэрт — там будзе тэатральная сцэна, і святло, і гук там іншыя".
Раней Vuraj выступаў толькі ў клубах і на аткрытых пляцоўках.
"Наш кантрабасіст працуе ў Купалаўскім тэатры, і ад яго прыйшла цікавая прапанова. І мы вырашылі зладзіць канцэрт менавіта ў тэатры", — патлумачыў выбар пляцоўкі Сяржук Доўгушаў.
Паводле яго словаў, слухачоў чакае прэзентацыя новай палескай праграмы, матэрыялы для якой збіраліся ў этнаграфічных экспедыцыях цягам чатырох апошніх год.
"Мы прэзентуем песні Палесся. Гэта творы, якія пабудаваны на аснове палескіх песень. Там і гучанне новае. Праграма "Літо" перадасць адметнасць мовы — там кожная песня на спяваецца сваёй дыялектнай мове. Гэта такая асобная палеская мікрамова, яна вельмі каштоўная", — падкрэсліў саліст гурта.
Ён адзначыў, што назва праграмы зразумелая кожнаму палешуку. Літо — гэта характэрны і вельмі цікавы жанр песень на Палессі.