МІНСК, 22 мая — Sputnik. Трэці сезон культавага серыяла Дэвіда Лінча "Твін Пікс" выйшаў на экраны ў ноч з нядзелі на панядзелак па мінскім часе.
Першы сезон серыяла Лінча "Твін Пікс" выйшаў на экраны 8 красавіка 1990 года і адразу атрымаў вялікую аўдыторыю фанатаў, а таксама прызнанне крытыкі: сага атрымала "Залаты глобус" як лепшы драматычны серыял і шэраг іншых узнагарод. Неўзабаве выйшаў і другі сезон, аднак трэцяга прыхільнікам рэжысёра прыйшлося чакаць больш за 25 год.
Новы "Твін Пікс" выйшаў уначы з нядзелі на панядзелак па мінскім часе, на шматлікіх "пірацкіх" сайтах першую серыю ўжо паспелі перакласці фанаты.
У новым сезоне "Твін Пікс" гледачоў чакае не толькі вяртанне ў маленькі гарадок у амерыканскай глыбінцы, але і ўпадабаныя па мінулых сезонах акцёры — напрыклад, Кайл Маклахлен. З'явяцца і новыя героі — у выкананні Джыма Белушы, Наомі Уотс і іншых. А вось сюжэт серыяла да апошняга трымаюць у сакрэце.
Усе 18 серый новага сезону знятыя і напісаныя Дэвідам Лінчам і Маркам Фростам. Эпізоды будуць выходзіць раз на тыдзень. Апошняя серыя запланаваная на 3 верасня 2017 года.
Вядучым кампазітарам новага сезона будзе аўтар усіх папярэдніх музычных прац "Твін Пікс" — Анджэла Бадаламенці. Акрамя гэтага ў серыяле прагучаць песні Скай Ферэйры і ўдзельніка гурта Nine Inch Nails Трэнта Рэзнара.