МІНСК, 30 мая — Sputnik. Беларусь працягвае перамовы з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, заявіў падчас анлайн-канферэнцыі ў аўторак начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
Паводле яго слоў, завяршальны этап у перамовах па спрашчэнні візавага рэжыму можа адбыцца ў чэрвені, калі Беларусь наведае дэлегацыя Еўрасаюза. Ён выказаў упэўненасць, што ў такім выпадку пагадненне пачне дзейнічаць з 2018 года.
"Пагадненне будзе рэгламентаваць парадак выдачы доўгатэрміновых віз, вызначыць катэгорыі грамадзян, якія будуць мець права на гэта, а таксама паменшыць кошт шэнгенскай візы да 35 еўра", — сказаў Бягун.
Ён адзначыў, што, паводле статыстыкі, беларусы менш за ўсіх атрымліваюць адмовы ў выдачы шэнгенскіх візаў, а таксама займаюць лідзіруючыя пазіцыі па ліку выдадзеных "шэнгенаў".
Таксама Бягун дадаў, што пасля ўступлення ў сілу пагаднення грамадзяне Беларусі ў асобных выпадках змогуць атрымаць візу на тэрмін да пяці гадоў.
Перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму Беларусі з ЕС працягваюцца з пачатку двухтысячных, аднак з-за шэрагу прычын бакі пакуль не дасягнулі поўнага ўзаемаразумення ў гэтым пытанні. Шэнгенская віза для беларусаў — адна з самых дарагіх, яна каштуе 60 еўра. У сярэдзіне мая кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заяўляў, што рана ці позна пагадненні будуць падпісаны.