МІНСК, 30 мая — Sputnik. Нападаючы Сяргей Карніленка завяршыў выступленні за нацыянальную зборную Беларусі па футболе, паведамілі Sputnik у прэс-службе Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ).
Беларуская каманда рыхтуецца да таварыскага паядынку супраць зборнай Швейцарыі, які адбудзецца 1 чэрвеня. Сёння падапечныя Ігара Крывушэнка правялі трэніроўку, якую наведаў Карніленка і распавёў аб сваім рашэнні трэнерскаму штабу і партнёрам па камандзе.
"Вялікі дзякуй заўзятарам, якія падтрымлівалі мяне і каманду цягам 14 гадоў. Заўсёды было прыемна прыязджаць у зборную, аддаваць усе сілы, змагаючыся за яе на полі — за спіной адчувалася падтрымка велізарнай колькасці людзей. Для мяне было гонарам выступаць за краіну — прызнаюся, гэтага будзе не хапаць", — сказаў Карніленка.
Ён адзначыў, што ў жыцці ўсё трэба рабіць своечасова. "Адчуў, што прыйшла пара, калі варта завяршыць кар'еру ў нацыянальнай камандзе — і саступіць месца больш маладым хлопцам", — растлумачыў футбаліст.
33-гадовы форвард выказаў словы падзякі трэнерскаму штабу, кіраўніцтву федэрацыі, а таксама персаналу. "Усе яны давяралі і верылі ў мяне", — сказаў Карніленка.
Асобнае "дзякуй" нападаючы сказаў сваім партнёрам па камандзе. Ён пажадаў ім поспехаў і перамог, якія абавязкова да іх прыйдуць. "І, зразумела, нізкі паклон аматарам футбола за падтрымку і ў радасныя, і ў цяжкія хвіліны. Абяцаю, што застануся адданым заўзятарам зборнай і абавязкова буду перажываць за яе", — сказаў на заканчэнне Карніленка.
У сваю чаргу ў АБФФ падзякавалі Карніленка "за самаадданыя выступленні ў шэрагах нацыянальнай каманды" і пажадалі яму здароўя, поспехаў і перамог ва ўсіх далейшых пачынаннях.
Нагадаем, Карніленка пачаў выступленне ў зборнай у 2003 годзе. За 14 гадоў ён правёў у складзе галоўнай каманды краіны 78 матчаў, забіўшы 17 мячоў. Ён прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях 2012 года, а таксама абараняў колеры "маладзёжкі" ў вырашальнай стадыі кантынентальнага першынства 2004 года.