МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Аранжавы ўзровень небяспекі абвешчаны па Беларусі на пятніцу 2 чэрвеня ў сувязі з чаканым моцным ветрам, паведаміў Sputnik у чацвер начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Паводле яго слоў, надвор'е на гэты дзень будзе вызначаць атмасферны фронт і халодная паветраная маса, якая прыйдзе ў Беларусь з поўначы еўрапейскага кантынента.
"Выпісана папярэджанне аб неспрыяльнай метэаралагічнай з'яве (аранжавы ўзровень небяспекі)", — сказаў Рабаў.
Ён адзначыў, што парывы ветру ў пятніцу чакаюцца да 15-20 метраў за секунду, таксама ў гэты дзень чакаюцца кароткачасовыя дажджы, уначы па паўночнай палове краіны, а ўдзень — па большай частцы тэрыторыі Беларусі. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад +3 да +9 градусаў, днём +11..+17°С, па паўднёвым захадзе ад +18°С да +23°С.