МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Творчы шлях і спадчыну мастака Аляксея Кузьміча карэспандэнт Sputnik абмеркаваў з куратарам карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандрам Зіменка.
Паводле слоў мастацтвазнаўцы, Аляксей Кузьміч — гэта чалавек, які прысвяціў сябе адной тэме. У першую чаргу гэта тэма жанчыны, навеяная яго жонкай. Ён абмежаваў сваё развіццё гэтым самым свядома.
Пасля смерці, дзякуючы намаганням яго сына, гэта стала часткай яго "легенды". Сёння Аляксей Кузьміч і яго мадонны — гэта самастойная гісторыя, якая ўсё менш мае агульнага з мінулым.
У канцы 80-х пачатку 90-х, калі многія мастакі шукалі новую тэматыку, вызваліўшыся ад ідэалагічных кайданоў, Аляксей Кузьміч звярнуўся да тэмы беларускай ідэнтычнасці. Цэнтральным прадметам яго творчасці заставалася апяванне вобраза жанчыны.
"Мастак імкнуўся стылізаваць свае жывапісныя палотны пад візантыйскую або кіеўскую іканапісную школу. Асаблівую ўвагу ён надаваў вачам і постацям, але ў адрозненне ад сакральнага жывапісу ён уяўляў вобраз мадонны як жанчыны. У яго працах часта прысутнічае аголеная натура. Ён пераасэнсоўвае вобраз мадонны як у першую чаргу жанчыны і маці", — растлумачыў Аляксандр Зіменка.
Ён таксама звярнуў увагу, што "Аляксей Кузьміч быў мастаком цяжкага лёсу, складанага характару, з якім я быў асабіста знаёмы. Гэта аўтар, які ўвесь час шукаў свайго гледача. Яму не заўсёды ўдавалася знайсці паразуменне ў мастацкім асяроддзі. Пры жыцці яму не заўсёды ўдавалася выстаўляць свае карціны".