МІНСК, 6 чэр — Sputnik. Камары сёлета на Беларусі масава з'явяцца пазней, чым звычайна, распавёў Sputnik малодшы навуковы супрацоўнік ДНВА "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах" Павел Прохарчык.
Беларусы сёлета заўважаюць незвычайныя паводзіны насякомых: на пачатку чэрвеня яшчэ амаль няма камароў, а хрушчоў было незвычайна мала.
"Праз анамальна халоднае надвор'е хрушчоў сапраўды было вельмі мала — зафіксаваны практычна адзінкавыя выпадкі вылету", — паведаміў Sputnik энтамолаг.
Ссунуліся тэрміны развіцця і лічынак камароў: звычайна гэтыя казуркі ўжо з'яўляюцца на пачатку чэрвеня, аднак пакуль камароў вельмі мала.
"Не думаю, што камароў будзе менш, чым у папярэднія гады — бо іх лічынкі знаходзяцца ў вадаёмах, і калі яны не перасыхаюць, то з папуляцыяй усё добра. Але з'явяцца камары некалькі пазней звычайнага — калі будуць адпаведныя ўмовы", — адзначыў Прохарчык.
Са слоў спецыяліста, менш звычайнага былі актыўныя і казуркі-апыляльнікі — напрыклад, пчолы. "Зноў жа, праз надвор'е яны былі малаактыўнымі — сёлета мы можам чакаць невялікі ўраджай пладовых дрэў: казурак у перыяд цвіцення практычна не было", — канстатаваў спецыяліст.