МІНСК 6 чэр — Sputnik. У беларускай сталіцы прэзентавалі зборнік беларускіх прыказак і прымавак у перакладзе на кітайскую мову, перадае карэспандэнт Sputnik.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лакатко расказаў, што ў 2015 годзе ў Кітаі прайшоў першы беларуска-кітайскі гуманітарны кангрэс, у якім прынялі ўдзел вучоныя дзвюх краін.
У ходзе работы нарадзілася ідэя культурнага абмену народнай традыцыйнай спадчынай. Кітайскія калегі сфармулявалі ідэю, што гэта павінны быць парадку ста ўзораў беларускай народнай мудрасці, з якімі пазнаёмяцца шматлікія народы Кітая.
"У выніку працы на працягу года супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў была выдадзена кніга "Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі", дзе на кітайскую мову перакладзены агульнагуманітарныя духоўныя каштоўнасці ў малых фальклорных формах", — удакладніў Аляксандр Лакатко.
Па словах акадэміка, у ходзе работы над кнігай было даследавана больш за 12 тысяч беларускіх прыказак і прымавак. У выніку атрымалася ўнікальнае выданне, дзе на беларускай і кітайскай мове сабраны лепшыя ўзоры фальклору сусветнага ўзроўню. Кніга праілюстравана арыгінальнымі аўтарскімі карцінамі.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры паведаміў таксама, што ў будучыні будуць выдадзены кнігі з беларускімі загадкамі, дзіцячым фальклорам, баладамі і казкамі на кітайскай і англійскай мовах.
Аляксандр Лакатко адзначыў, што ў працы над кнігай было важна адлюстраваць вобразна-сэнсавы змест, таму што канкрэтныя вербальныя супастаўленні не заўсёды знаходзяцца і не заўсёды могуць быць зразумелымі.
"Калі тэма выкладаецца на кітайскай мове ў добрай мастацкай апрацоўцы, яна становіцца зразумелай і успрымальнай", — падкрэсліў беларускі навуковец.
Напрыклад, у беларускай традыцыі птушкі ляцяць у нябёсах, а ў кітайцаў зусім інакш — нябёсы рухаюць птушкамі. З такімі тонкасцямі сутыкаліся аўтары кнігі пры перакладзе на кітайскую мову беларускіх прыказак і прымавак.