МІНСК, 8 чэр — Sputnik. Міжнародны фестываль беларускай культуры "Купальскае кола" сёлета адзначае сваё дзесяцігоддзе і пройдзе 24-25 чэрвеня ў турыстычным комплексе "Дукорскі маёнтак", распавялі Sputnik арганізатары мерапрыемства.
Фестываль прысвечаны старажытнаму народнаму святу Купалле і ставіць сваёй мэтай папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры. У 2017 годзе хэдлайнерамі выступяць гурты "Аркона" і "Тролль Гнет Ель" (Расія), "Тинь Сонця" і Go_A (Украіна), Gods Tower і Znich (Беларусь) і іншыя. Эксклюзіўным "электронным" хедлайнерам сёлета заяўлены піцерскі драм-н-бэйс праект "Нейраманах Феафан".
"У 2017 годзе "Купальскае Кола" адзначае сваё дзесяцігоддзе. Першы фестываль адбыўся ў 2007 годзе. За сваю дзесяцігадовую гісторыю фестываль пераўтварыўся з клубнага канцэрту ў маштабны open-air фестываль альтэрнатыўнай музыкі, які штогод збірае тысячы наведвальнікаў", — распавялі арганізатары фестывалю.
Штогод да ўдзелу ў фестывалі далучаецца ўсё больш выбітных замежных гуртоў альтэрнатыўных напрамкаў, а мерапрыемства набывае інтэрнацыянальны характар і прэтэндуе на фармат буйнога міжнароднага фестываля.
"Сёння "Купальскае Кола" можна разглядаць не толькі как фестываль, які збірае на адной пляцоўцы музычных монстраў з "першага дывізіёну" беларускай сцэны, але і як пляцоўку для станаўлення і папулярызацыі менш вядомых айчынных гуртоў".
Сёлета для правядзення оупэн-эіра арганізатары абралі новую пляцоўку — утульнае месца побач з Мінскам са зручным транспартным паведамленнем — турыстычны комплекс "Дукорскі маёнтак".
Акрамя насычанай музычнай праграмы ад беларускіх і замежных гуртоў, гасцей фестывалю чакаюць купальскія абрады, кірмашы і шмат інтэрактыўных пляцовак. Асаблівую ўвагу арганізатары раяць надаць атракцыёну "Перавернутая хата".
Пляцоўкі на фестывалі:
- горад майстроў: рамесныя майстэрні — кузня, ганчарная майстэрня, пляценне з саломкі, абрадавая лялька, ткацтва;
- кірмаш: можна набыць вырабы традыцыйных рамесных вырабаў ручной працы — посуд, вопратку, аздабленні, вырабы з лёну і інш.;
- актыўныя пляцоўкі: футбол, валейбол, вяровачны лагер, традыцыйныя купальскія гульні;
- этна-пляцоўка: аднаўленне традыцыйных абрадаў святкавання Купалля, варожбы, пляценне і запуск вянкоў па вадзе, купальскія вогнішчы і г. д.
- карчма: стравы традыцыйнай беларускай кухні, кулінарныя майстар-класы;
- дзіцячая пляцоўка: "паляна казак" з актыўнай пляцоўкай;
- экскурсія ў "перакуленую хату".
Музычная праграма:
Субота, 24 чэрвеня
- 13:00 — пачатак канцэртнай праграмы;
- 13:00-13:30 — Kliodna (Беларусь);
- 13:40-14:40 — "Тролль Гнет Ель" (Расія);
- 14:50-15:40 — Re1ikt (Беларусь);
- 15:50-16:30 — Omut (Беларусь);
- 16:40-17:20 — Massenhinrichtung (Беларусь);
- 17:30-18:20 — Znich (Беларусь);
- 18:40-19:40 — "Тiнь Сонця" (Украіна);
- 20:00-21:00 — "Аркона" (Расія);
- 21:30-22:40 — "Нейраманах Феафан" (Расія);
- 22:50-23:50 — Go-A (Украина)
Нядзеля, 25 чэрвеня
- 00:00 — рэканструкцыя Купалля, купальскія абрады;
- 00:30-01:30 — Gods Tower (Беларусь);
- 02:00-06:00 — электронная дыскатэка.
З улікам працяглай музычнай праграмы з суботы на нядзелю, арганізатары прапануюць адзіны квіток на два дні.
Падрабязную інфармацыю пра фестываль можна знайсці на афіцыйным сайце фестывалю і ў суполцы VK.
Даведка па тэлефонах:
29 111 75 76
44 772 15 11
29 141 94 97
Юбілейны міжнародны фестываль "Купальскае кола" пройдзе 24-25 чэрвеня ў турыстычным комплексе "Дукорскі маёнтак" (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць); пачатак а 13-й гадзіне 24-га чэрвеня; кошт квіткоў 35 рублёў (папярэдне), 40 рублёў у дзень фестывалю.