МІНСК, 11 чэр — Sputnik. Дакументальны фільм "Чарнобыль. Экзамен для нацыі" перамог у намінацыі "Аўтарская работа" на XXI міжнародным экалагічным тэлевізійным фестывалі "Выратаваць і захаваць" у Ханты-Мансійску, паведамілі Sputnik на кінастудыі "Беларусьфільм.
За мінулыя 30 гадоў з рэгіёнаў радыеактыўнага забруджвання адселена усяго звыш 140 тысяч чалавек. У рэспубліцы адпрацавана сістэма радыяцыйнага кантролю і маніторынгу. Больш за мільён чалавек штогод праходзяць паглыблены медыцынскі агляд. У Беларусі створана свая чарнобыльская навуковая школа, даследаванні і распрацоўкі якой карысныя для ўсяго чалавецтва.
"Усе гэтыя аспекты ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у фільме адлюстраваны на канкрэтных прыкладах, праз канкрэтных людзей, якія набліжаюць разуменне праблемы да гледача. У фільме адлюстраваны сённяшні дзень жыцця Беларусі з Чарнобылем, намаганні дзяржавы па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы", — адзначылі на кінастудыі.
Дакументальны фільм "Чарнобыль. Экзамен для нацыі" зняты ў 2016 годзе рэжысёрам Яўгенам Сецько. Над карцінай таксама працавалі аператар Аляксандр Уласаў і аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз.