МІНСК, 12 чэр — Sputnik. Кіраўніцтва Мінскага трактарнага завода звярнулася да радавых работнікаў з просьбай захоўваць ахайнасць у вопратцы і не прыходзіць на працу ў шортах і сланцах, паведаміў Sputnik спецыяліст па сувязях з грамадскасцю прадпрыемства Павел Тухто.
Паводле яго слоў, падрыхтаваны, але пакуль не падпісаны адпаведны загад генеральнага дырэктара. У сувязі з гэтым кіраўніцтва завода давяло да работнікаў новыя рэкамендацыі па форме адзення.
"Нічога сур'ёзнага не адбылося. Тыя людзі, якія праходзяць на працу праз прахадныя, павінны адмовіцца ад такой формы адзення, тым больш што ўсё роўна яны потым пераапранаюцца ў рабочую форму", — сказаў Тухто.
Ён адзначыў, што цяпер практычна кожны дзень МТЗ наведваюць замежныя дэлегацыі, акрамя таго, прадпрыемства актыўна развівае так званы дзелавы турызм. "Такім чынам, мы клапоцімся аб павышэнні іміджу нашага прадпрыемства ў вачах нашых гасцей", — удакладніў ён.
Афіцыйны прадстаўнік МТЗ заўважыў, што для адміністрацыйных і інжынерных супрацоўнікаў дзелавы дрэс-код уведзены ўжо даўно. Для радавых работнікаў рэкамендацыі адносна формы адзення пачалі дзейнічаць з 1 чэрвеня.
Тухто звярнуў увагу, што, нягледзячы на не зусім гарачае летняе надвор'е, рабочыя МТЗ усё ж такі часта выбіраюць занадта лёгкія і нефармальныя вопратку і абутак.
"Я на свае вочы бачыў такім чынам апранутага чалавека, які ішоў на працу праз прахадную", — сказаў ён.
Тухто таксама распавёў, што калі работнік ўсё ж прыйдзе апранутым у шорты і сланцы, на працоўнае месца яго прапусцяць, але строга папросяць надалей так больш не рабіць.
Па словах прэс-сакратара, гэтае патрабаванне тычыцца толькі мужчын. Жанчыны па-ранейшаму могуць апранацца так, як ім падабаецца.