МІНСК, 14 чэр — Sputnik. Рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса, беларускі асілак Кірыл Шымко рыхтуе "Фестываль здароўя" на беразе ракі Іслач, які пройдзе 21-22 ліпеня, паведамілі Sputnik арганізатары мерапрыемства.
"Кірыл Шымко запрашае ўсіх на грандыёзнае мерапрыемства, якое пройдзе 21, 22 ліпеня на беразе ракі Іслач за 35 км ад Мінска ў гродзенскім напрамку", — гаворыцца ў паведамленні.
Арганізатары абяцаюць шырокую забаўляльную праграму, уключаючы розныя атракцыёны, экстрэмальныя забавы і незвычайныя актыўнасці як для дарослых, так і для дзяцей.
На фестывалі будзе прысутнічаць і сілавая частка, у прыватнасці, жаночы фітнес, турніры па армрэслінгу і многае іншае.
Таксама наведвальнікі змогуць паглядзець на рэтратэхніку і пабываць ва ўнікальным аўтобусе-дыскатэцы. Музычная частка фэсту будзе складацца з выступаў кавер-гуртоў, якія выканаюць хіты канца мінулага стагоддзя, а таксама з начной дыскатэкі.
Уваход на фестываль — па запрашальных або па рэкамендацыі сяброў.