МІНСК, 14 чэр — Sputnik. Цэнтралізаванае тэставанне па рускай мове адбудзецца ў сераду ў беларускіх пунктах правядзення ЦТ, нагадалі Sputnik у Мінадукацыі.
ЦТ — неабходны этап паступлення ў ВНУ для большасці абітурыентаў. У панядзелак адбылося тэставанне па беларускай мове, а ў сераду ў Беларусі пройдзе самы масавы экзамен — па рускай.
Здаваць ЦТ па рускай мове ў 2017 годзе захацелі 75,4 тысячы абітурыентаў — практычна ў два з паловай разы больш, чым па беларускай. Дарэчы, тэставанне па адной з дзяржаўных моў з'яўляецца абавязковым для ўсіх у Беларусі.
Пачнецца цэнтралізаванае тэставанне ў 11:00, на напісанне заданняў абітурыентам адводзіцца дзве гадзіны. З сабой у пункты правядзення ЦТ можна браць толькі пропуск на тэставанне, пашпарт і чорную гелевую ручку. Усе астатнія прадметы, у тым ліку і мабільныя тэлефоны, прыйдзецца пакінуць перад уваходам у аўдыторыю.