МІНСК, 15 чэр — Sputnik. Візавы рэжым на мяжы Беларусі і Расіі на час Чэмпіянату свету па футболе 2018 года ўводзіцца не будзе, запэўніў журналістаў у сераду ў Мінску дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.
Раней у шэрагу СМІ з'явілася інфармацыя аб магчымасці ўвядзення Расіяй візавага рэжыму на беларуска-расійскай мяжы на час правядзення Чэмпіянату свету па футболе, які адбудзецца ў РФ у 2018 годзе.
"Выключана. Наадварот, цяпер прапрацоўваецца магчымасць забяспечыць яшчэ большую свабоду перамяшчэння для грамадзян трэціх краін", — заявіў Рапота.
Як адзначыў дзяржсакратар, цяпер гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі. "У нейкіх сітуацыях дастаткова будзе паказаць білет, набыты на спаборніцтвы, з тым, каб можна было прайсці мяжу", — падкрэсліў дзяржсакратар СД.
Актыўна цяпер абмяркоўваюць краіны і міграцыйную прастору. У дадзенай тэме ёсць шэраг аспектаў, адзначыў Рапота.
"Гэта аспекты, звязаныя з каардынацыяй дзеянняў праваахоўных органаў. Ёсць два аспекты, здавалася б, узаемавыключальных, але на самой справе ўзаемадапаўняльных", — дадаў Рапота.
Паводле яго слоў, неўзабаве саюзны Саўмін разгледзіць і канцэпцыю агульнай памежнай бяспекі.