МІНСК, 19 чэр — Sputnik. Фестываль падарожжаў "Самаход" пройдзе ў Мінску 24-25 чэрвеня. Вандроўцы са стажам бясплатна падзеляцца з пачаткоўцамі гісторыямі пра прыгоды ў дарозе і навыкамі, як справіцца з цяжкасцямі на сваім шляху. Sputnik раскажа пра самыя цікавыя падзеі фестывалю.
У суботу, 24 чэрвеня, у культурным цэнтры "Корпус" размесціцца "Жывая бібліятэка". У ролі кніг выступяць людзі, якія распавядуць свае гісторыі. У дадзеным выпадку — гісторыі з падарожжаў. А ў 18:20 сваю гісторыю раскажа Леанід Пашкоўскі, які наведаў Іран. На фестывалі можна будзе паглядзець некалькі серый фільма, якія падарожнік зняў у паездцы.
"Леанід зняў міні-серыял пра захапляльныя падарожжы ў самыя няўтульныя месцы планеты. Ён праехаўся па забытых гарадах Ірана, Пакістана і Індыі, куды ніколі не ступала нага звычайнага турыста", — распавялі арганізатары фестывалю.
Першы дзень скончыцца з бразільскім тэмпераментам. У дворыку "Корпуса" ўсё будзе па-бразільску — капаэйра, фора, макулеле, самба, батукада, DJ Gata. "З гарачым вайбам тропікаў, лёгкасцю і бесклапотнасцю. Танцуй, гуляй і жыві", — рэкамендуюць арганізатары.
На наступны дзень, 25 чэрвеня, можна будзе абмеркаваць гарачую тэму — як прыцягнуць турыстаў у Беларусь і ці дапамогуць у гэтым толькі змены ў візавым рэжыме.
"Разам з экспертамі, прадстаўнікамі дзяржавы і турыстычнага бізнесу абмяркуем спосабы развіцця турызму ў Беларусі. Наколькі паток турыстаў вырасце з адменай віз і што трэба зрабіць, каб турысты хацелі вяртацца ў нашу краіну", — рэкламуюць арганізатары фестывалю.
Увесь дзень можна будзе слухаць лекцыі пра розныя краіны ад падарожнікаў, там пабываўшых. Сяргей і Юля Голубевы раскажуць, як падарожнічаць па Лацінскай Амерыцы і зрабіць сваё падарожжа бюджэтным і цікавым. Яўген Ацецкі раскажа пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца фатограф у падарожжы, падзеліцца вопытам, як здымаць на вуліцы ў розных кутках свету і захаваць камеру цэлай. Падарожнік Верасень раскажа пра краіну, якая зусім нядаўна расчыніла дзверы для турыстаў, пры гэтым там блакуюць інтэрнэт і пануюць законы Шарыяту — зноў Іран. Улляна Кузьміч раскажа, як падарожнічаць па дарагіх краінах, калі ты яшчэ не мільянер.
На фестывалі падзеляцца ведамі, як вандраваць з дзецьмі і якія напрамкі для такой паездкі аптымальныя. А стваральнікі сайта Vandrouki.by раскажуць, чаму самалёты часам бываюць танней за аўтаспын і як перасякаць акіяны і не згалець. У канцы лекцыі яны выберуць аднаго смельчака для падарожжа з білетам у адзін канец.