Відэа

Аўтары "Падводнікаў": гэта простая гісторыя пра людзей, эмоцыі і ўчынкі

Падпісацца
У ходзе прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў МПЦ Sputnik, рэжысёр Сяргей Кавальчык распавёў, чаму вымушаны быў па ходзе пастаноўкі змяніць жанр спектакля "Падводнікі", прэм'ера якога адбудзецца 30 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага ў Мінску.

Праца над спектаклем вялася з 2012 года. Ідэя паставіць спектакль па матывах драматычных падзей на савецкай падводнай лодцы К-19 узнікла ў Кавальчыка яшчэ ў 2012 годзе. Гэтай ідэяй ён падзяліўся з драматургам Андрэем Курэйчыкам, які аформіў гістарычны сюжэт у п'есу.

На думку Курэйчыка, гэта гісторыя — рэакцыі і ўчынкі чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі — актуальная і ў наш час.

Прадзюсар і сцэнарыст Андрэй Курэйчык - Sputnik Беларусь
Курэйчык гатовы здымаць фільм пра Францыска Скарыну

"Падводная лодка — гэта своеасаблівы зрэз свету. Там людзі розных нацыянальнасцяў, якія апынуліся ў адной прасторы. Яны сутыкаюцца з геапалітычнай рэальнасцю, яны не вінаватыя ў ёй. Але вымушаны думаць, што нясуць важную абарончую місію, ратуюць свет.

У нейкі момант яны разумеюць, што надыходзіць момант катастрофы. І што ўсе гэтыя ворагі — зусім не ворагі. У нас у п'есе ёсць момант, калі ўзнікае дылема — прыняць ці не прыняць амерыканскую дапамогу, калі трэба прыняць рашэнне — можна загінуць, а можна адкрыцца свету і пазбегнуць катастрофы", — патлумачыў свой пасыл Курэйчык.

Па словах рэжысёра спектакля, мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка, "Падводнікі" сталі самай дарагой пастаноўкай за час яго кіраўніцтва тэатрам.

"Мой ганарар тут ні пры чым", — пажартаваў Курэйчык.

Ільвіная доля сродкаў пайшла на стварэнне дэкарацый: на сцэне будзе ўзноўлены разрэз падводнай лодкі, тры ярусы, на якіх будзе разгортвацца дзеянне. Кансультантам спектакля стаў капітан I рангу ў адстаўцы Уладзімір Варошнін.

"Ён дапамог нам разабрацца ў нейкіх прафесійных асаблівасцях, куды хадзіць, як рабіць, як можна звяртацца. Калі ўзяць праўду дакументальную і тэатральную, я спрабаваў дасягнуць сярэдзіны, каб тэатральная праўда не супярэчыла дакументальнай, каб гэта было пераканаўча і не сорамна перад падводнікамі", — распавёў Кавальчык.

Здымкі жахаўкі - Sputnik Беларусь
Курэйчык запрашае маладых акцёраў у свой хорар "Вупыры"

Паводле яго слоў, у ходзе рэпетыцый яму давялося змяніць жанр пастаноўкі, чалавечыя эмоцыі і невялікая любоўная лірыка надалі спектаклю аб'ём і ператварылі з катастрофы ў паліфанічную хроніку неадбыўшайся трагедыі. Такая шматгранная і адначасова простая гісторыя — аб пачуццях і ўчынках — павінна быць цікавая ўсім без выключэння гледачам.

"Я не разумею сучаснага тэатральнага менеджменту, які кажа: якая ў цябе мэтавая аўдыторыя? Я для ўсіх спектакль стаўлю. Тэатр — гэта дом, і ў гэтым доме павінны сябе ўтульна адчуваць усе пакаленні, каб потым пасля спектакля было пра што пагаварыць", — заўважыў Кавальчык.

К-19 была першай савецкай ракетаноснай атамнай падводнай лодкай. 4 ліпеня 1961 года ў 04:15, на 16-я суткі плавання, калі падводная лодка знаходзілася на стомятровай глыбіні ў Паўночнай Атлантыцы, у 100 мілях ад амерыканскай ваенна-марской базы, размешчанай на нарвежскім востраве Ян-Майен, на ёй спрацавала аварыйная абарона рэактара левага борта. Аварыя атамнага рэактара магла прывесці да выбуху лодкі, а пасля — да глабальнай экалагічнай катастрофы — радыеактыўнага атручвання вод Сусветнага акіяна.

Камандзір падлодкі даў каманду на ўсплыванне і прыняў рашэнне з падручных матэрыялаў змантаваць трубаправод, дублюючы пашкоджаны ўчастак сістэмы астуджэння. На працягу двух гадзін, знаходзячыся ў зоне ўздзеяння радыяцыі, падводнікі без ахоўных касцюмаў (тады іх не было), голымі рукамі, у вайсковых процівагазах, якія не абараняюць ад выпраменьвання, змантавалі сістэму астуджэння і выратавалі падлодку.

Доўгі час аварыя 1961 года на К-19 была засакрэчаная. Пра трагедыю К-19 стала вядома ў 1990-я гады. Выйшлі з друку газетныя публікацыі, кнігі. У 2002 годзе шырокай публіцы быў прадстаўлены амерыканскі кінафільм "К-19. Пакідаючы ўдоў" (K-19: The Widowmaker), галоўныя ролі ў якім сыгралі Харысан Форд і Ліам Нісан.

Стужка навiн
0