МІНСК, 25 чэр — Sputnik. У Кіеўскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета прайшла цырымонія ўручэння ордэна Францыска Скарыны Апостальскаму Нунцыю ва Украіне арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, паведамляе афіцыйны сайт Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Узнагароду іерарху ад імя прэзідэнта Беларусі ўручыў пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал. Вы ўрачыстасцях таксама прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Указ аб узнагароджванні былога Апостальскага Нунцыя ў Беларусі быў падпісаны кіраўніком беларускай дзяржавы 7 сакавіка 2017 года.
Паводле афіцыйнага дакумента, "за значны асабісты ўклад у развіццё культурнай спадчыны паміж Беларуссю і Ватыканам" і было вырашана ўганараваць ордэнам арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і дырэктара ўстановы "Музеі Ватыкана" Антоніа Паалуччы.
"Беларусь і надалей застаецца глыбока ў маім сэрцы са сваёй годнасцю, сваёй працавітасцю, сваёй гасціннасцю і сваёй цішынёй, якая напоўнена чуллівасцю і глыбінёй. Яна навучыла мяне разуменню таго, што народ вялікі не таму, што пра яго шмат кажуць, і нават не таму, што ён сам шмат кажа пра сябе, а вялікі ён тымі жамчужынамі, якія захоўваюцца ў яго сэрцы", — распавёў на ўзнагароджанні арцыбіскуп.
Клаўдыё Гуджэроцці прадстаўляў Апостальскі Пасад у Беларусі з 15 ліпеня 2011 года па 13 лістапада 2015 года.