МІНСК, 27 чэр — Sputnik. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 29 чэрвеня адкрыецца выстава "Мастакі на вайне. Беларусь у малюнках Першай сусветнай (1915-1918)", паведамілі Sputnik у музеі.
"На выставе прадстаўлена ўнікальная падборка са збору прыватнага калекцыянера Уладзіміра Багданава, якую складаюць мастацкія творы з выявамі Беларусі часоў Першай сусветнай вайны", — распавялі арганізатары.
У экспазіцыю ўвайшлі лісты з выдадзеных у Германіі альбомаў літаграфій і малюнкаў, арыгінальныя эцюды і мініяцюры, а таксама шматлікія паштоўкі з замалёўкамі помнікаў беларускай архітэктуры, прыроды, жыцця і побыту ва ўмовах ваеннага часу.
Экспазіцыя распавядае пра жыццё нашай краіны вачыма нямецкіх мастакоў, удзельнікаў Першай сусветнай вайны. Увазе наведвальнікаў прапануецца больш за 200 работ розных жанраў.
Спецыялісты тлумачаць, што "падчас вайны ў супрацьлеглых лагерах апынуліся і прадстаўнікі культуры — пісьменнікі, кампазітары, мастакі, якіх таксама прызвалі на службу. Апошнія павінны былі правільным чынам візуалізаваць падзеі, што адбываюцца. Мастакоў камандзіравалі на фронт з канкрэтнымі заданнямі: раз у тыдзень выдаваць мінімум адзін эскіз, раз у месяц здаць мінімум адну карціну".
На тэрыторыі Беларусі лінія фронту стабілізавалася на два з паловай гады, абстаноўка абвастралася толькі падчас буйных аперацый.
"Мастакі-прафесіяналы ўсё часцей адцягваліся ад мэтаў выяўленчай прапаганды і звярталі ўвагу на навакольную рэчаіснасць. Нярэдка замест вінтоўкі бралі ў рукі аловак творчыя натуры з ліку непасрэдных удзельнікаў вайны — салдаты і афіцэры на пустых бланках паштовак палявой пошты малявалі і адпраўлялі на радзіму не толькі віды з акопаў, але і малюнкі месцаў, куды іх закінула вайна, сцэнкі з жыцця і побыту мясцовых жыхароў", — падкрэслілі ў музеі.
На выставе прадстаўлены работы мастакоў самага рознага ўзроўню. Ёсць сярод іх майстры, якія пазней дамагліся шырокай вядомасці — такія, як Герман Штрук (у 1923 годзе ён даваў урокі графікі Марку Шагалу) або Фрыц Маўрышат (уладальнік кінематаграфічнага "Оскара" 1954 года пад лепшую працу мастака-пастаноўшчыка).
"Выстава дае магчымасць перанесціся на 100 гадоў таму і па-новаму зірнуць на Гродна, Баранавічы, Ліду, Агінскі канал. Здзівіцца архаічнаму сялянскаму побыту, які захаваўся ў вёсках, асабліва на Палессі. Успомніць страчаныя назаўжды храмы пад Паставамі, у Пінску, Смаргоні, зірнуць на ўжо зніклыя вёскі. Арыгінальныя малюнкі, якія існуюць у адзіным экзэмпляры, захавалі невядомыя раней выявы Крэўскага і Навагрудскага замкаў, дома-крэпасці ў Гайцюнішках", — рэзюмавалі ў гістарычным музеі.