Ідэя зрабіць відэапраект, дзе маладыя беларускія хлопцы і дзяўчаты будуць чытаць улюбёныя вершы, ці то класіку, ці сучасную літаратуру, паўстала ў стваральнікаў праекта яшчэ 4 гады таму.
"Ідэя з'явілася з нейкага студэнцкага асяроддзя, калі студэнты збіраліся на кватэрнікі. У наш час на філалагічным факультэце да нас прыходзілі розныя акторы, і мы чыталі вершы, бачылі, што людзей збіраецца шмат. І вось гэта мадэрнізавалася у такі праект, дзе маладыя людзі пачалі чытаць, да нас далучыліся вядомыя людзі, спартоўцы, пісьменнікі, акторы", — распавёў Дзяніс Бурко.
Першапачаткова ўдзельнікі праекта "Litara-А" чыталі вершы і прозу, але з цягам часу праект мадэрнізаваўся, быў праведзены конкурс для маладых пісьменнікаў, і зараз гэта ўжо своеасаблівы парасонавы брэнд.
"На платформе ёсць не толькі праект з відэавершамі, але у хуткім часе мы анансуем школу. Я выкладаю беларускую і польскую мову, будзе і шэраг іншых прадметаў. Гэта сапраўды новы фармат адукацыі, мы прапаноўваем людзям не толькі адукацыю, але, у першую чаргу, развіцце", — распавёў Бурко.
Па словах суразмоўцы, у новым навучальным сезоне ў "Школе А" з'явяцца прадметы, якія абітурыенты здаюць на ЦТ, а таксама будуць выкладацца і замежныя мовы — польская, англійская, магчыма, кітайская.
"Першапачаткова думалі, каб гэта была гуманітарная установа, але да нас прыйшлі цікавыя хлопцы праграмісты і прапанавалі зрабіць асобны курс праграмавання. Ім цікава далучыцца і каб гэта было па-беларуску. Зараз шукаем памяшканне, хочам, каб гэта выглядала як лофт", — адзначыў выкладчык.
Узроставы цэнз у школе не абмежаваны, але для самых маленькіх дзетак прадугледжаны спецыяльны курс "Мая краіна Беларусь". Гэта будзе краіназнаўства для дзяцей, дзе юным наведвальнікам будуць распавядаць цікавосткі з беларускай гісторыі, літаратуры ды іншых сфер.
Суразмоўца Sputnik таксама распавёў пра цікавасць моладзевай аўдыторыі да мультымедыйнага праекта, у якім далучыцца да чытання вершаў можа кожны зацікаўлены.
"Людзі шмат пішуць. Мы здымаем усіх ахвотных, чалавек можа нам напісаць, даслаць верш. Мы глядзім, каб яго яшчэ не было у нас, і шукаем лакацыі, дзе гэта лепш зрабіць. Для нас важна падабраць пад верш пэўную лакацыю, каб неяк перадавала атмасферу", — падкрэсліў Дзяніс Бурко.
Гутарку з заснавальнікам мультымедыйнага культурніцкага праекта "Litara-А", выкладчыкам беларускай ды польскай мовы Дзянісам Бурко слухайце на радыё Sputnik Беларусь.