МІНСК, 28 чэр — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне ў сувязі з 750-годдзем Магілёва, паведамілі Sputnik у сераду ў прэзідэнцкай прэс-службе.
Упершыню Магілёў згадваецца ў летапісе пад 1267 годам і звязана гэта з пачаткам будаўніцтва замка. Зараз гэта трэцці па колькасці насельніцтва горад у Беларусі.
"Доўгая і няпростая гісторыя ў горада. За гэтыя гады з замчышча Магілёў ператварыўся ў сучасны індустрыяльны, навуковы і культурны цэнтр", — гаворыцца ў віншаванні прэзідэнта.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што любоў да сваёй малой радзімы, праява шчырага клопату пра яе, памяць пра гераічнае мінулае, працавітасць, цярпенне і гасціннасць — вось што адрознівае цяперашняе пакаленне жыхароў горада.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што жыхары Магілёва і надалей будуць рабіць усё магчымае для захавання і прымнажэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.
Адзін дзень Маленькага прынца
У сувязі з юбілеем горада запланаваны шэраг урачыстых мерапрыемстваў. 28 чэрвеня ў Камсамольскім скверы горада павінны былі ўрачыста адкрыць бронзавую скульптуру Маленькага прынца (праца скульптара Андрэя Вараб'ёва), але вандалы разбілі помнік. Бронзавы Маленькі прынц прастаяў у магілёўскім скверы адзін дзень. У цяперашні час разбітая скульптура адпраўлена ў Мінск, праваахоўныя органы шукаюць зламыснікаў.
Трыумфальная арка
З 28 чэрвеня па 2 ліпеня ў Магілёве запланаваны шэраг святочных мерапрыемстваў, сярод якіх тэатралізаванае шэсце, свята хлеба і малака, бард-рыбалка, джып-трыял, "Колар-фэст", 3D-mapping-show, паўгадзінны феерверк, паведамілі Sputnik у Магілёўскім аблвыканкаме. Таксама ў гэтыя дні пройдуць прэзентацыя каменных скульптур па выніках Міжнароднага пленэра па скульптуры ў камені "Каменная казка", свята сярэднявечнай культуры "Рыцарскі стан".