Калі вы ўжо перагледзелі ўсе выпускі лекцый на "ПостНауке", а прага ведаў не сціхае, выбірайцеся на першую ў Мінску сустрэчу праекта "15х4".
"15x4" — гэта некамерцыйны адукацыйны праект, дзе выступаюць маладыя навукоўцы з лекцыямі па 15 хвілін і чытаюць лекцыі на самыя розныя тэмы. Адзін з самых папулярных лектараў — Ася Казанцава.
У пятніцу ў Мінску прачытаюць чатыры лекцыі — пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, пра "клікер і печыва" і пра развіццё пілатуемай касманаўтыкі. Чацвёртая лекцыя — пра сам праект. Арганізатар праекта Ігар Страх распавёў карэспандэнту Sputnik пра тое, як знайсці цікавага лектара ў Мінску, калі знакамітыя навукоўцы адмаўляюцца ехаць у Беларусь.
"Лектараў мы спрабавалі падабраць двума шляхамі: першы — запрасіць знакамітых. Стэлефаноўваліся, спісваліся, але ніхто не праявіў зацікаўленасці ехаць у Мінск на адкрыццё ў першы раз. Было сумна, таму што разлічваў, што прыедзе хоць хтосьці знакаміты — як разыначка сустрэчы", — распавёў ініцыятар праекта.
Калі Ігар вырашыў шукаць лектараў сярод знаёмых, высветлілася, што ідэя выступіць з лекцыяй шмат каму па душы.
"Праект абсалютна валанцёрскі і не фінансавы. Адразу адгукнулася досыць шмат людзей. І прыходзіла на рэпетыцыі па шэсць-сем чалавек. Прапаноўвалі вельмі цікавыя тэмы, але ў выніку засталося чатыры пастаянных лектара, уключаючы мяне, якія больш за іншых хацелі распавесці сваю тэму. Калі мы адрэпеціравалі ўсё досыць добра, я прызначыў дату, час і пусціў рэкламу", — распавёў Ігар Страх.
Праект прадугледжвае не толькі пятнаццаць хвілін лекцыі, але і сорак хвілін для пытанняў, арганізатары мяркуюць, што менавіта дыялог з лектарам можа апынуцца самай цікавай часткай сустрэчы.
"Гаворка пра абмен ведамі. Таму што тэарэтычна лектару могуць задаць вельмі разумнае пытанне і паказаць яму на яго прабелы. Могуць знайсціся тролі, але яны са сваім "ведаю лепш" будуць неміласэрна выдаляцца", — папярэдзілі арганізатары.
Гэты праект працуе ўжо ў многіх гарадах Расіі і Украіны, на гэтым тыдні стартуе ў Беларусі. Першая лекцыя пройдзе 30 чэрвеня ў 19 гадзін у EventSpace "Кастрычніцкая, 16а".