Ідэя паставіць спектакль па матывах драматычных падзей на савецкай падводнай лодцы К-19 паўстала ў мастацкага кіраўніка тэатра імя Горкага, рэжысёра Сяргея Кавальчыка яшчэ ў 2012 годзе. Аўтар п'есы, драматург Андрэй Курэйчык распавёў Sputnik, чаму быў мінімальна ўцягнуты ў сам працэс пастаноўкі.
"Гэта мой прынцып, я вельмі выразна падзяляю тут маю працу, а мая праца зробленая даўно, і працу тэатра. І разумею, што чым менш аўтар умешваецца ў пастаноўку, тым больш шанцаў, што яго адкрыюць неяк па-новаму. Былі выпадкі, калі я сам здзіўляўся, як мае п'есы пастаўлены, як раскрытыя. Я сам у іх не бачыў тых рэчаў і акцэнтаў, якія знаходзілі рэжысёры", — распавёў Курэйчык.
Асновай п'есы Курэйчыка стала гісторыя атамнай катастрофы на савецкай падводнай лодцы К-19, адбыўшаяся 4 ліпеня 1961 года. Тая аварыя магла прывесці да выбуху лодкі, а пасля — да глабальнай экалагічнай катастрофы: радыеактыўнаму атручванню вод Сусветнага акіяна. Доўгі час аварыя на К-19 была засакрэчаная. Упершыню катастрофа на атамным ракетаносцы будзе ўзноўлена на тэатральнай сцэне.
"Аварыя — гэта першы план п'есы, хоць на самай справе гэта зборная гісторыя К-19, але не толькі. Там і пра іншыя катастрофы, і пра Курск, і наогул пра атамныя катастрофы як такія, таму што для мяне гэта такі вечны фантомны страх як дзіцяці, што памятае 1986 год. Мой бацька тады паехаў у першы ж месяц, яго адправілі як ліквідатара. І я разумею, што дня нас, краіны, якая перажыла такую ж атамную катастрофу, гэта ўсё вельмі актуальна", — распавёў Курэйчык.
Падчас працы над п'есай аўтару прыйшлося вывучыць многія матэрыялы, у тым ліку і мемуары камандзіра К-19. Акрамя таго, у якасці кансультанта да працы над пастаноўкай прыцягнулі і камандзіра сучаснай атамнай падводнай лодкі, капітана першага рангу. Адным з асноўных фактаў пры стварэнні спектакля стала тое, што ў складзе экіпажа К-19 былі беларусы.
"Не проста былі, а галоўны герой, яго прататып — чалавек, што зрабіў максімум для выратавання лодкі, гэты чалавек пайшоў у рэактарны аддзел коштам велізарнай дозы, якую ён атрымаў, ён наогул не павінен быў выжыць, цуд нейкі адбыўся. Ён нейкім чынам заварыў працёк гэтага контуру, з-за якога ўсё і было", — распавёў Курэйчык.
На тэатральнай сцэне гледачы ўбачаць абсалютна рэальную падводную лодку. Па словах рэжысёра-пастаноўшчыка Сяргея Кавальчыка, гэта самы дарагі спектакль за ўвесь час яго працы ў тэатры імя Горкага.
"Гэта гіганцкі, брадвейскага ўзроўню спектакль, яны будуюць на сцэне падводную лодку ў трох узроўнях. Гэта такі вельмі сур'ёзны падыход, спектакль рыхтаваўся 5 гадоў, выдаваліся розныя макеты, тэхналогіі правяраліся. У відовішчным плане гэта павінна быць вельмі крута", — адзначыў Курэйчык.
Па словах аўтара п'есы, спектакль "Падводнікі", верагодна, з часам будзе паказаны і ў іншых краінах, але адрасаваны ён, у першую чаргу, беларусам.
"Гэта падстава нам задумацца аб тым, з якімі наступствамі можна сутыкнуцца, калі бахне, і наогул, хто пойдзе гэта ліквідаваць, як людзі сябе паводзяць у такіх сітуацыях. Што для нас паняцця "радыяцыя" і "атам". І што для нас паняцце "халоднай вайны". Бо гэта 60-я гады, вакол ворагі, а мы ў падводнай лодцы, у нас ядзерныя ракеты, і раптам рванула, і што рабіць? Чаму беларусы заўсёды адчувалі сябе, як у падводнай лодцы?" — задаў рытарычнае пытанне Курэйчык.
Гутарку з драматургам Андрэем Курэйчыкам аб прэм'еры спектакля "Падводнікі" ў тэатры імя Горкага слухайце на радыё Sputnik Беларусь.