МІНСК, 30 чэр — Sputnik. На музычна-забаўляльным фэсце "Тата адпачывае", які адбудзецца 2-3 ліпеня ў абноўленым Urban Park Dreamland, арганізатары правядуць першы ў Беларусі чэмпіянат па паяданні гамбургераў, распавялі арганізатары фестывалю.
Варыянты спаборніцтва бываюць рознымі: на колькасць (рэкорд складае больш за 100 гамбургераў) і хуткасць (рэкорд — 5 гамбургераў за хвіліну). У Беларусі некалькі год таму была адна спроба правесці такое мерапрыемства, але замест гамбургераў удзельнікі чамусьці елі 1,5-кілаграмовыя сэндвічы.
"У нашым выпадку ўдзельнікі будуць есці сапраўдныя гамбургеры, таму ўсё будзе як след. Спаборнічаць будуць тыя, хто выкажа жаданне на самой пляцоўцы. Колькасць месцаў абмежаваная", — распавёў Аляксей Падрэз, арганізатар фестывалю.
Ён таксама адзначыў, што арганізатары да гэтай забавы ставяцца адказна, таму абіраюць менш траўматычны для арганізму варыянт — на хуткасць. На ўсялякі выпадак на пляцоўцы будзе дзяжурыць медыцынская брыгада.
Фестываль "Тата адпачывае" аб'яднае добрую музыку, смачную ежу і цікавыя забавы. У межах забаўляльнай праграмы ў абодва дні будзе прадстаўлены цалкам абноўлены набор атракцыёнаў Urban Park Dreamland, дзе на замену састарэўшым каруселям прыйшлі сучасныя атракцыёны дзеля актыўнага адпачынку: ад спартаўных пляцовак да квэстаў, ад лучнага бою да скаладрома.
На фестывалі таксама будзе вялікая праграма майстар-класаў і варкшопаў, маркет адзення і аксэсуараў, забаўляльныя кропкі для дзяцей.
Музычная праграма стартуе бліжэй да вечара. У першы дзень — 2 ліпеня — будуць гучаць класічныя і сучасныя рок-хіты ў выкананні лепшых кавер-гуртоў Беларусі на чале з Easy Dizzy — адзіным у Расіі афіцыйным трыб'ютам AC/DC. У другі дзень — 3 ліпеня — перавага будзе аддадзеная лепшым хітам сучаснай поп-музыкі, а праграму будуць завяршаць БДА "Песняры" і героі "Еўрабачання 2017" NaviВand.
Пачатак спаборніцтваў па паяданні гамбургераў 2 ліпеня ў 18:00 на галоўнай сцэне ў парке Dreamland.