ГРОДНА, 6 ліп — Sputnik. Стэпавыя арлы з Гродзенскага заапарка шэсць гадоў пражылі ў адным вальеры і толькі зараз абзавяліся нашчадкам.
Птушаня вылупілася напрыканцы чэрвеня, і ў бліжэйшыя два месяцы яно будзе сядзець у гняздзе, размешчаным у вальеры. Пара стэпавых арлоў апынулася вельмі клапатлівай. Яны разам кормяць малога. Самка клапоціцца аб ім днём, а самец — ноччу. Бацька таксама ахоўвае сваю сям'ю. Напрыклад, стаў вельмі варожа і агрэсіўна паводзіць сябе ў адносінах да персаналу заапарка. Хоць раней за ім такога не заўважалася.
Як растлумачыў дырэктар заапарка Алег Жданкін, з'яўленне арляняці — падзея неардынарная. Справа ў тым, што такія буйныя драпежныя птушкі, як стэпавыя арлы вельмі цяжка сыходзяцца ва ўмовах няволі. У Гродне самец і самка жылі ў адным вальеры шэсць гадоў, але ніяк не хацелі пасябраваць. Супрацоўнікі заапарка імкнуліся стварыць ім умовы, максімальна блізкія да натуральных, пасялілі іх у прасторны вальер.
Натуральным асяроддзем пражывання стэпавага арла лічацца стэпавыя раёны Стаўрапольскага краю, Арэнбургская, Астраханская, Растоўская вобласці, поўдзень Урала, паўднёва-ўсходняя і паўднёва-заходняя Сібір. У Расіі гэтыя птушкі знаходзяцца на мяжы знікнення і занесены ў Чырвоную кнігу.