МІНСК, 11 ліп — Sputnik. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стартаваў напярэдадні ўвечары сольным канцэртам спявачкі Зары.
Урачыстае адкрыццё "Славянскага базару" адбудзецца ў Віцебску 13 ліпеня, аднак ужо з панядзелка ў летнім амфітэатры і па ўсім горадзе праходзяць мерапрыемствы фестывалю.
Першы канцэрт у межах 26-га "Славянскага базару" дала заслужаная артыстка Расіі — спявачка Зара. Яна выступіла ў панядзелак увечары пры аншлагу ў летнім амфітэатры і скарыла гледачоў выкананнем беларускай народнай песні "Купалінка".
Сама Зара прызналася журналістам, што для кожнага артыста важна выступіць на сцэне ў Віцебску.
"Родныя, не хопіць усіх слоў, каб выказаць падзяку за такі цёплы прыём!" — напісала пазней спявачка ў сваім акаўнце Instagram.
Спявачка запэўніла, што яна і ўся каманда выклаліся максімальна. Дарэчы, акампанаваў спявачцы прэзідэнцкі аркестр Беларусі.
"І, на мой погляд, усё прайшло так шчыра і па-сапраўднаму, што нам не хацелася пакідаць сцэну", — запэўніла артыстка ў сацыяльных сетках і назвала выступ у летнім амфітэатры "галоўнай узнагародай".
Карыстальнікі сацыяльных сетак, што наведалі канцэрт Зары, таксама засталіся задаволеныя выступленнем — яны прызнаюцца, што ўсё прайшло на вышэйшым узроўні, а выканаўца зарадзіў іх сваёй энергетыкай.