МІНСК, 11 ліп — Sputnik. У мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" адбудзецца адкрыццё выставы, прысвечанай 500-годдзю Рэфармацыі і беларускага кнігадрукавання, паведамілі Sputnik у нямецкай амбасадзе.
"500 гадоў таму Францыск Скарына надрукаваў першыя беларускія кнігі і тым самым надаў пачатак беларускаму кнігадрукаванню. Марцін Лютэр, у сваю чаргу, 500 гадоў таму размясціў свае 95 Тэзісаў на дзвярах Замкавай царквы ў нямецкім горадзе Вітэнберг. Яго 95 Тэзісаў — гэта разважанне пра сумленне, пра чалавека, пра ўнутраную свабоду асобы", — распавялі ў прэс-службе дыпмісіі.
Выстава распавядае не толькі пра жыццёвы шлях Марціна Лютэра — тэолага, пісьменніка, заснавальніка лютэранскай (пратэстанцкай) царквы, чалавека, які пераклаў Біблію з лацінскай мовы на нямецкую, але і пра час, у які ён жыў, а таксама пра Рэфармацыю ў цэлым.
Выдадзены тыпаграфскім спосабам звод Тэзісаў быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разам з 13 іншымі дакументамі Лютэра.
У адным шэрагу з Марцінам Лютэрам стаіць Францыск Скарына — адзін з найбуйнейшых гістарычных дзеячоў, усходнеславянскі першадрукар, філосаф-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, перакладчык са стараславянскай на беларускую мову кніг Бібліі і іх выдавец.
Свае творы, прысвечаныя беларускаму асветніку, прадставіць Ала Губарэвіч, якая працуе ў тэхніцы габелена.
Дзе: Кастрычніцкая плошча 1.
Калі: 17 ліпеня а 17-ай гадзіне.
Выстава працуе да 25 ліпеня.