МІНСК, 12 ліп — Sputnik. У дзень нараджэння Аляксандра Ціхановіча ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" пакажуць 39-хвілінную дакументальную стужку "Аляксандру Ціхановічу…", прысвечаную Аляксандру Ціхановічу. У гэтым фільме-успаміне журналісты АТН распавядуць малавядомыя факты з жыцця і творчасці артыста, паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі.
13 ліпеня народнаму артысту Беларусі Аляксандру Ціхановічу споўнілася б 65 гадоў. Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі, акрамя фільму, падрыхтавалі пра яго тэматычныя канцэрты і праграмы.
"Аляксандр Ціхановіч — фігура вельмі загадкавая для ўсіх. Ёсць шмат недагаворанага, у тым ліку і з нашага боку — журналістаў. Мы бачым паверхню кар'еры — ашаламляльны поспех, але не ўсё так было гладка і ў "Верасоў", і ў самога Ціхановіча. Ёсць такія рэчы, якія ён гаварыў з нейкім пастскрыптумам: "пакуль не для друку", "пакуль не для прэсы", "я думаю, потым…". І вось гэта "потым", як мне здаецца, ужо надыйшло", — адзначыў адзін з аўтараў фільма-настальгіі "Аляксандру Ціхановічу…" Міхаіл Равуцкі.
Фільм-прысвячэнне "Аляксандру Ціхановічу…" гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць у чацвер у 19:20 перад "Панарамай".
13 ліпеня ў 12:45 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа канцэрт Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай "Каханне і лёс".
16 ліпеня ў 19:00 "Беларусь 3" прадставіць канцэртную праграму "Аляксандру Ціхановічу прысвячаецца…". Канцэрт будзе запісаны Белтэлерадыёкампаніяй у межах XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", на якім штогод Аляксандр Ціхановіч святкаваў свой дзень нараджэння.