МІНСК, 17 ліп — Sputnik. Сабраць школьніка да 2017/2018 навучальнага года мінчанам будзе каштаваць ад 175 да 870 рублёў, паведамілі Sputnik у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку (ГУСР) Мінгарвыканкама.
Школьныя кірмашы функцыянуюць у Мінску і іншых гарадах Беларусі з ліпеня: бацькі могуць паспець сабраць дзяцей у школу загадзя, а не набываць усё неабходнае ў апошні момант.
Адначасова з пачаткам працы школьных кірмашоў чыноўнікі падлічылі і магчымыя выдаткі на падрыхтоўку дзіцяці ў школу. Паводле інфармацыі сталічнага ГУСР, на вучня малодшых класаў прыйдзецца выдаткаваць ад 175 да 735 рублёў, старэйшых класаў — ад 230 да 870 рублёў.
Пры падліках выдаткаў на падрыхтоўку дзіцяці да школы чыноўнікі ўлічваюць толькі кошт асартыменту ў дзяржаўных крамах. Калі ў бацькоў будзе жаданне купіць школьны касцюм у камерцыйнай краме, выдаткі вырастуць.
Падрыхтаваць дзіця да школы ў рэгіёнах для бацькоў будзе танней.