Як ужо вядома, раніцай 18 ліпеня саліст групы Depeche Mode Дэйв Гаан быў выпісаны з 9-й клінічнай бальніцы Мінска. Ён быў шпіталізаваны напярэдадні прама перад пачаткам канцэрта ў межах тура гурта ў падтрымку новага альбома. Да сённяшняй раніцы сітуацыя вакол бліжэйшых канцэртаў гурта заставалася нявызначанай.
"Ура! На сённяшні дзень стан Дэйва Гаана стабільны. Гурт сёння паляціць у Кіеў, канцэрт у Кіеве адбудзецца. Мы молімся, і гурт плануе, каб наступныя канцэрты тура адбыліся. Мы, як арганізатары, знаходзімся ў стадыі перамоваў з гуртом і шукаем усе магчымасці, каб арганізаваць перанос канцэрта", — сказала Рогач.
Раніцай, пасля выпіскі Гаана, на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльных сетках гурт паведаміў, што бліжэйшыя канцэрты тура Spirit у Кіеве, Варшаве і Клюжэ-Напоке адбудуцца згодна з раскладам. Гурт выказаў падзяку ўсім фанатам за падтрымку ў няпростай сітуацыі, а таксама паведаміў, што яны шукаюць магчымасці вырашыць сітуацыю з пераносам шоу.
"Яны абяцаюць, што на працягу некалькіх дзён яны прымуць рашэнне аб тым, што будзе адбывацца далей. У выпадку калі гэта ўсё ж такі будзе адмена, квіткі, вядома ж, можна будзе вярнуць. Калі ж гэта будзе перанос, то альбо квіткі будуць сапраўдныя, альбо мы распрацуем схему, па якой квіткі можна будзе абмяняць на новыя. Справа за намі не заржавее! Мы просім усіх прыхільнікаў набрацца цярпення і дачакацца рашэння ад гурта Depeche Mode", — сказала Аляксандра Рогач.
Па дадзеных рэдакцыі Sputnik, Дэвід Гаан правёў ноч у РНПЦ транспланталогіі пры 9-й клінічнай бальніцы. Па некаторых дадзеных, раніцай забіраць яго адтуль прыехаў яго сябар і гітарыст гурта Марцін Гор. Па выніках аналізаў, ніякіх старонніх прэпаратаў ці стымулятараў у крыві Дэйва Гаана не выяўлена.
Каля дзесяці гадоў таму ў Гаана ўжо былі праблемы са страўнікам, ён быў шпіталізаваны ў Афінах з-за вострага болю і на абследаванні ў яго было дыягнаставана анкалагічнае захворванне. Спявак прайшоў праз аперацыю і хіміётэрапію ў 2009 годзе.
Global Spirit Tour гурта Depeche Mode стартаваў 5 мая 2017 года ў Швецыі. У Мінску мусіў адбыцца адзін з чатырох апошніх канцэртаў яго першай еўрапейскай часткі. Для еўрапейскага гледача тур завершыцца ў канцы лютага 2018 года ў Маскве.
Каментар Аляксандры Рогач слухайце ў аўдыёзапісы на радыё Sputnik Беларусь.