МІНСК, 19 ліп — Sputnik. У Гомелі адбудзецца этнаграфічнае свята, якое будзе арганізавана ў рамках адкрыцця выставы "Улетку да бабуля", паведамілі Sputnik у прэс-службе палаца Румянцавых-Паскевічаў.
Па словах арганізатараў, супрацоўнікі музея таксама праводзілі лета "ў бабулі". Яны адпраўляліся ў экспедыцыі, вынікам якіх стала этнаграфічная калекцыя музея, якая налічвае больш за 3 тысячы экспанатаў.
Выстава "Улетку да бабулі" знаёміць наведвальнікаў з народнымі строямі, якія на тэрыторыі Гомельскай вобласці багатыя і разнастайныя. "Бабуліны" строі з дзесяці раёнаў вобласці маюць свой каларыт, свае ўяўленні аб прыгажосці, сваю гармонію. А паказаныя на выставе этнаграфічныя комплексы даюць магчымасць пабываць на вяселлі і хрэсьбінах, зазірнуць да шаптухі, паўдзельнічаць у летнім цыкле народных святаў.
"Тых, хто прыйдзе на адкрыццё, чакае не проста знаёмства з выставай, а ўдзел у сучасным этнаграфічным свяце. Песні, танцы, дэгустацыя традыцыйных беларускіх страў — вось няпоўны пералік таго, што будзе адбывацца ў музеі. Упершыню за амаль стогадовую гісторыю фарміравання этнаграфічная калекцыя будзе экспанавацца так маштабна", — распавялі ў палацы Румянцавых-Паскевічаў.
Дзе: Гомель, палац Румянцавых-Паскевічаў.
Калі: 20 ліпеня, 16:00.
Кошт: Дарослы квіток 3 рублі і 2 рублі ільготны квіток.