МІНСК, 21 ліп — Sputnik. Узоры ДНК Сальвадора Далі былі ўзятыя судмедэкспертамі ў Фігерасе (Іспанія) па рашэнні суда.
Напрыканцы чэрвеня адзін з судоў Мадрыда пастанавіў эксгумаваць астанкі знакамітага мастака для ўстанаўлення бацькоўства. Суд задаволіў іск жыхаркі Жыроны (аўтаномная супольнасць Каталоніі) Пілар Абель Марцінес, якая сцвярджае, што Далі — яе бацька.
Пры пахаванні цела сюррэаліста было забальзамавана — гэта значна спрасціла працэдуру адбору ўзораў ДНК. Калі будуць гатовыя вынікі аналізу, пакуль невядома.
Пілар Абель Марцінес, якая нарадзілася ў 1959 годзе, сцвярджае, што ў яе маці была таемная сувязь з мастаком.
Сальвадор Далі памёр ва ўзросце 84 гадоў у Фігерасе. Ён завяшчаў сябе пахаваць так, каб па магіле маглі хадзіць людзі. З гэтай прычыны цела мастака замуравалі ў падлозе аднаго з пакояў тэатра-музея Далі.
У выпадку, калі ДНК Пілар і Далі супадуць, Абель будзе мець права на яго прозвішча і аўтарскія правы, а таксама на 25% яго спадчыны. Паводле папярэдніх ацэнак, гаворка ідзе аб суме ў 300 млн еўра. Фінансавы стан самой Пілар жаласны — жанчыне няма чым расплаціцца з адвакатам.