МІНСК, 25 ліп — Sputnik. Фатограф-анімаліст Уладзімір Бондар сфатаграфаваў у Магілёўскім раёне злётка і самку стэпавага луня, паведамляе сайт арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Паводле словаў спецыялістаў, апошні даказаны выпадак гнездавання стэпавага луня адзначаны ў нашай краіне ў 1916 годзе.
Арнітолагі адзнычаюць, што стэпавы лунь вельмі падобны на поплаўнага луня, які звычайны для Беларусі. Дакладна пацвердзіць першы за 100 год факт гнездавання рэдкай птушкі дапамаглі навукоўцы з Расіі і Украіны, дзякуючы фотаздымкам Уладзіміра Бондара.
"Аднак рэгістрацыя гнездавання такога выключна рэдкага для Беларусі віду павінна быць зацверджана Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК) перш, чым стане навукова прызнаным фактам", — адзначаюць у АПБ.
Спецыялісты ўзгадалі, што апошні запіс, які фіксуе гнездаванне стэпавага луня, зроблены нямецкім арнітолагам Цэдлітцам у 1916 годзе: маладая і дарослая птушкі былі здабытыя ў сярэдзіне жніўня ў Пінскім раёне.
Луні — адзіная група драпежных птушак, якія пастаянна гняздуюць на зямлі. Стэпавы лунь мае статус блізкі да глабальна пагражаемага (Near Threatened), з асноўным арэалам у стэпавай зоне Расіі, Казахстана і Манголіі. Памер еўрапейскай папуляцыі ацэньваецца ўсяго ў 600-2140 гняздуючых пар.