МІНСК, 3 жні — Sputnik. На адным з будынкаў Гомельскага ўніверсітэта з'явілася графіці з Францыскам Скарынам, чыё імя ён носіць, паведамляе часопіс "Белка".
Яшчэ ў 2015 годзе дызайнер-архітэктар Дзмітрый Казлюк прапанаваў ГДУ намаляваць на сцяне першага корпуса графіці з выявай беларускага першадрукара.
На той час рэалізаваць ідэю не ўдалося, а праект на краўдфандынгавай платформе не здолеў набраць неабходную суму.
Дзмітрый Казлюк распавёў часопісу, што ўвасабленню ідэі дапамог новы рэктар Гомельскага ўніверсытэта Сяргей Хахомаў, які выдаткаваў частку сродкаў на праект з бюджэта ВНУ. Пры гэтым большая частка грошай належала аўтару.
Для таго, каб намаляваць графіці з першадрукаром, давялося ўзгадняць праект і строга выконваць меры бяспекі. Мурал ужо атрымаў інвентарны нумар.
Графіці намалявана ў аўтарскай тэхніцы. Дзмітрый прыдумаў яе сам. Гэта нешта сярэдняе паміж алоўкавым малюнкам і гравюрай. На ім намаляваны Францыск Скарына, а побач месяц і сонца — запатэнтаваны лагатып універсітэта, стылізаваны ў дызайнерскай тэхніцы.