МІНСК, 6 жні — Sputnik. У дзень пяцісотгоддзя беларускага кнігадрукавання актывісты запатрабавалі паўторна разгледзець магчымасць надаць Нацыянальнаму аэрапорту Мінска імя Францыска Скарыны.
У 2016 годзе прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі склалі зварот у гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына надрукаваў "Псалтыр". З гэтай нагоды навукоўцы прасілі прысвоіць мінскаму аэрапорту імя нашага першадрукара. Зварот быў накіраваны прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, прэм'ер-міністру Андрэю Кабякову, а таксама ў Мінгарвыканкам і гарадскі савет.
"Сёння, 6 жнiўня 2017 года, у дзень 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, нічога з таго, пра што гаварылася год таму, не рэалізавана. Мы, ніжэйпадпісаныя пад дадзеным калектыўным зваротам, патрабуем паўторнага разгляду звароту і годнага ўшанавання памяці першага беларускага кнігадрукара", — паведамілі актывісты ў паўторным звароце.
У 2016 годзе ў калектыўным звароце патрабавалі не толькі назваць аэрапорт у гонар першадрукара, але і ініцыяваць устаноўку помнікаў Скарыну ў цэнтры Вільнюса, Кракава, Кіева і Масквы сіламі беларускага боку.
Планавалася таксама назваць у гонар Скарыны адну з цэнтральных мінскіх магістраляў. Сярод меркаваных варыянтаў было аб'яднанне вуліцы Свярдлова і Маякоўскага або Сурганава і Арлоўскай у новы праспект. Таксама прапаноўвалася разгледзець магчымасць назваць у гонар Скарыны вуліцы Чкалава і Маскоўскую або вярнуць праспекту Незалежнасці ранейшую назву.
Акрамя таго, актывісты настойвалі на ўстанове новай даты беларускага Дня друку: замест 5 мая — 6 жніўня, па даце падпісання ў друк першай кнігі Скарыны.
27 ліпеня 2016 года міністр культуры Святлоў заявіў, што падтрымлівае ідэю прысваення Нацыянальнаму аэрапорту імя Францыска Скарыны, а таксама паведаміў аб тым, што Міністэрства культуры ўжо накіравала неабходныя звароты ў адпаведныя дзяржаўныя структуры з нагоды новай назвы аэрапорта. Планавалася, што пытанне надання аэрапорту новага імя будзе вырашана да канца года.