МІНСК, 13 жні — Sputnik. Замест кітайскіх іерогліфаў і кельцкіх рун беларусы ўсё часцей набіваюць татуіроўкі з беларускімі арнаментальнымі матывамі.
Але ў апошні час за мясцовым арнаментам прыходзяць і замежнікі: зусім нядаўна арнамент у адным з мінскіх салонаў набіла пара аргентынцаў. Тату-майстар Алесь Таболіч распавёў пра не спадаючую папулярнасць арнаментальнай татуіроўкі.
"Даволі даўно мы з жонкай вырашылі зрабіць татуіроўкі, якія сімвалізуюць нашу нацыянальную прыналежнасць. Тады асабліва папулярныя былі геральдычныя тату. Але ў адрозненне ад гербаў, арнамент не нясе палітычнай падаплёкі, гэта традыцыйны абярэг, які выкарыстоўваўся ў вышыванках. З гэтым арнаментам на міжнароднай канвенцыі ў Кіеве я заняў другое месца. Адсюль і пачала расці папулярнасць", — распавёў Таболіч.
Татуіроўка спадабалася выканаўцы Shuma, якая расказала пра арнаментальную татуіроўку на сваім сайце, і ідэя прыжылася.
"Калісьці былі папулярныя татуіроўкі-іерогліфы, але многія не разумелі іх значэння. Многія набівалі японскіх драконаў, але ж для нас гэта незнаёмая культура. А славянская культура нам бліжэй, і татуіроўкай людзі падкрэсліваюць сваю да яе прыналежнасць. Нават выязджаючы на мора, людзі пазнаюць адзін аднаго па татуіроўках", — распавёў Таболіч.
А што гэта ў вас?
Аргентынцы, амерыканцы, расіяне — беларускі арнамент набілі ужо многія.
"Прыязджаеш на мора, і нават нарвежцы пытаюцца — а што гэта ў вас? Пачынаеш распавядаць пра краіну і культуру, пра якую яны раней і не чулі", — распавядае Таболіч і прымаецца за працу над адной з арнаментальных татуіровак.
Нядаўна майстры салона ездзілі на фестываль "Басовішча" ў Беласток. Этнічныя беларусы прасілі набіць арнамент, практычна ніхто не выбіраў абстрактны малюнак.
"Час папулярнасці геральдычных татуіровак сыйшоў, шмат хто расчараваўся ў палітыцы, цяпер людзям культура цікавей дзяржаўнасці. А вось ніводзін палітык не зрабіў у мяне ніводнай арнаментальнай татуіроўкі", — успомніў майстар.
Чэмпіёнка па веславанні з Расіі таксама набіла беларускі арнамент. Кліентка прызнала, што культура Беларусі ёй падабаецца, а ўласна рускіх арнаментальных сімвалаў яна не ведае, так што беларускі варыянт цалкам падышоў.
"Замест кітайскага іерогліфа "кахання" беларусу прыемней набіць уласны арнамент. Чаму людзі купляюць вышыванкі, а не трусы Milavitsa? Таму што хочацца прывезці з сабой часцінку культуры", — растлумачыў Таболіч.
Ці проста модна
"Чалавек не павінен рабіць татуіроўку толькі таму, што акуратна і прыгожа". Калі ты нічога не ўкладаеш у яе, калі культурны кантэкст табе не важны, лепш не набіваць арнамент", — упэўнены Таболіч.
Сам ён заўсёды быў прыхільнікам папулярызацыі беларускай культуры. Дарэчы, перабіваць татуіроўку з беларускім арнаментам яшчэ не даводзілася.
"Людзі заўсёды спрабуюць самавызначыцца, нехта ў вопратцы сябе праяўляе, хтосьці ў спорце, а некаторыя ў татуіроўцы. Адну з самых цікавых арнаментальных татуіровак набіла дзяўчына — малюнак выйшаў на палову спіны", — распавёў майстар.
Цяпер падобныя татуіроўкі набіваюць і ўкраінцы, толькі з уласным арнаментам. Дарэчы, выкарыстоўваць арнамент на білбордах і ў адзенні ўкраінцы пачалі раней за нас, а вось у арнаментальнай татуіроўцы першымі былі беларусы.
"Мне казалі, што ідэю трэба запатэнтаваць, але як запатэнтаваць арнамент? Гэта ж народная творчасць, а татуіроўка — усяго толькі спосаб падачы", — лічыць Таболіч.
Чытайце таксама:
Алесь Таболіч: камусьці не падабаецца мода на нацыянальныя татуіроўкі>>
Майстар тату: для сучаснай жанчыны татуіроўка стала неабходнасцю>>