МІНСК, 17 жні — Sputnik. Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" рыхтуе звароты ў Міністэрства абароны Беларусі і ГУУС Брэста з нагоды выступлення ў абласным цэнтры салдат, якія на вачах дзяцей рвалі рукамі жывых вужоў і жаб, паведамілі Sputnik у АПБ у чацвер.
Рэзананснае паказальнае выступленне дэсантнікаў 38-й асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады прайшло ў Брэсце 2 жніўня — у Дзень ПДВ. Падчас свята салдаты забівалі жаб і вужоў, раздзіраючы іх рукамі.
"Людзі сталі звяртацца ў АПБ як у найбуйнейшую прыродаахоўную арганізацыю Беларусі, каб разабрацца ў сітуацыі, пакараць вінаватых і не дапусціць таго, каб у будучыні сітуацыя паўтарылася", — сказалі ў "Ахове".
Там таксама паведамілі, што зараз арганізацыя рыхтуе адпаведныя звароты ў Міністэрства абароны і ў ГУУС Брэста.
"Важна, каб такія відовішчы былі недапушчальныя нідзе і ні пры якіх абставінах! Жорсткае абыходжанне з жывёламі ў прысутнасці малалетніх — гэта злачынства", — падкрэслілі ў арганізацыі.
Як раней паведамілі "Брэсцкай газеце" ў брыгадзе, такія дзеянні байцоў ПДВ з'яўляюцца адным з элементаў псіхалагічнай падрыхтоўкі салдат, што і было прадэманстравана гараджанам.