МІНСК, 21 жні — Sputnik. Адкрыццё выставы "Кузьня беларускага духу" адбудзецца 31 жніўня, паведамілі Sputnik у Дзяржаўным лiтаратурным музеі Янкi Купалы.
Упершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з гісторыі беларускага школьніцтва са збораў Грамадскай арганізацыі "Беларускі музей імя Івана Луцкевіча" (Вільнюс, Літва) і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
"Выстава прапаноўвае рэтраспектыўны погляд на гісторыю Віленскай беларускай гімназіі — цэнтра беларускага школьніцтва 1920-30-х гадоў, на ўзор якога ствараліся гімназіі на тагачасных абшарах Заходняй Беларусі: Наваградку, Радашковічах, Клецку. У 1920 і 1941 годзе пачэсным госцем вучняў Віленскай беларускай гімназіі быў Янка Купала", — патлумачылі арганізатары.
Выставачны праект "Кузьня беларускага духу" скіраваны на вывучэнне і перайманне лепшых традыцый беларускага школьніцтва — спазнання спадчыны продкаў і сусветнай культуры на сваёй роднай мове. Нацыянальная асвета — краевугольны камень будаўніцтва дзяржаўнасці Беларусі.
У музеі распавялі, што на выставе будзе "інтэрактыўная праграма, якая дасць магчымасць азнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі 1920-30-х гадоў. Сярод іх творы Даніэля Дэфо, Марка Твена і Віталя Біянкі па-беларуску. Можна будзе адчуць сябе вучнем Віленскай беларускай гімназіі: пазнаёміцца з вучэбнай праграмай, пагартаць вучнёўскія сшыткі і нарэшце праверыць сваю кемлівасць — выканаць заданні таго часу".
Наведаць выставу можна будзе да 27 верасня 2017 года.