Міжнародны фестываль феерверкаў "Навальніца" пройдзе ў суботу 26 жніўня ў гарналыжным комплексе "Лагойск" і стане доўгачаканай падзеяй для гледачоў. Папярэднія фестывалі феерверкаў праходзілі пад Мінскам у 2009 і 2010 годзе.
"Памятаеце, у нас было складана набыць валюту? Мы тэхнічна не маглі выканаць райдары каманд, паколькі ўся піратэхніка вырабляецца не ў Беларусі. Зараз мы вырашылі вярнуцца, і гэтую нішу з тых часоў ніхто не заняў. Былі толькі спробы праводзіць фестывалі "дваровага" маштабу", — кажа Сідаровіч.
У гэтым годзе ўпершыню "Навальніца" пройдзе ў новым фармаце Family Day. Для гледачоў, якія прыедуць сем'ямі з 12 гадзін дня, будуць арганізаваны пляжная зона, фуд-корт і разнастайныя дзіцячыя забавы.
Вечарам адбудзецца спаборніцтва трох каманд піратэхнікаў. Спецыялісты з Расіі, Казахстана і Балгарыі прадставяць гледачам свае ўнікальныя шоў. Акрамя таго, гасцей фестываля чакае музычная праграма з удзелам гуртоў "Мантана", "Нагуаль", "Ляпіс" і "Brutto".
"У нас усё шчыра. Прыязджаюць сапраўды топавыя каманды, якія працуюць ужывую. І праца кожнай каманды будзе кардынальна адрознівацца ад папярэдняй. У балгараў, напрыклад, трэк пабудаваны на ўсёй самай топавай нацыянальнай музыцы, якая ў іх ёсць. У кожнай каманды ёсць свой почырк", — распавядае Сідаровіч.
Тым часам, почырк беларускіх піратэхнікаў таксама добра знаёмы калегам з іншых краін. Беларусаў рэгулярна запрашаюць на такія гучныя міжнародныя фестывалі, як "Пунсовыя ветразі", "Круг святла" і "Спаская вежа".
"Акрамя таго, я ўжо тры гады эксклюзіўна атрымліваю ад ФСБ Расіі дазвол на тое, каб падняцца на Растральныя калоны (у Санкт-Пецярбургу — рэд.) і іх зарадзіць. Растральныя калоны мы зараджаем два дні, а працуюць яны дзве секунды", — кажа Сідаровіч.
Гутарку з арганізатарам міжнароднага фестываля феерверкаў "Навальніца" Ігарам Сідаровічам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.