МІНСК, 29 жні — Sputnik. У аўторак, 29 жніўня, у Гомелі адкрыецца выстава "Як ты пішаш буквы, так я — узоры…" з фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, паведамілі Sputnik у Цэнтральнай гарадской бібліятэке імя А.І. Герцэна.
"Назву выставе далі словы неглюбскай ткачыхі Настассі Грыньковай. Яна сказала так, калі вучыла ўзорнаму ткацтву "першае пакаленне" навуковых супрацоўнікаў Веткаўскага музея. Мы паказваем ручнікі, на гэты раз толькі неглюбскай традыцыі ткацтва. Менавіта гэтая традыцыя захавала старажытныя ўзоры-знакі. Многім з іх — больш за чатыры тысячы год. Болей за тое, кампазіцыі арнамента маюць пэўныя паслядоўнасці такіх знакаў-сімвалаў, дзе ацалеў сапраўдны архаічны "сінтаксіс", — распавялі ў бібліятэцы.
Мэта выставы — паспрабаваць зноў "прачытаць" гэтыя знакі і самі тканыя "тэксты". І ручнікі — частка такой размовы, бо на іх геаметрычныя культавыя сімвалы. Крыжы і Ромбы былі формуламі неба і зямлі, агню і вады, Айца і Маці.
"Злучэнне крыжоў і ромбаў сімвалізавала шлюб, сяўбу, кожны добры пачатак, дзе зачыналася жыццё хлеба, жывёлы, чалавека, нават добрай справы ці наогул думкі, твору — усяго, што ствараецца. Цэлыя шэрагі "жаноцкіх" ромбаў з розным "начыннем" і рознымі парасткамі прысвечаны асобным "узростам" жанчыны-зямлі-нівы. Повязь жаноцкага лёсу з зямлёй налічвае тыя ж тысячагоддзі. Такая глыбіня памяці ў традыцыйнай культуры! Таму гэта ж — знакі дзяўчынкі-дзяўчыны-жанчыны-маці-старой для ўсяго кола жыцця", — дадалі спецыялісты.
На выставе прадстаўлены тканыя ручнікі пачатку-сярэдзіны XX ст. з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна, рытуальныя рэчы, звязаныя з каляндарна-абрадавымі святамі, фотаздымкі, што ілюструюць асноўнае абрадавае кола беларусаў: Каляды, Гуканне вясны, Пахаванне Стралы, Жніво.
Выстава працягнецца ў Цэнтральнай гарадской бібліятэке імя А.І. Герцэна да 14 верасня. Уваход вольны.