МІНСК, 30 жні — Sputnik. Закрыццё мотасезона-2017 H.O.G. Rally Minsk адбудзецца 16 верасня ў сталіцы, паведамілі Sputnik у прэс-службе Мінгарвыканкама.
Паводле слоў арганізатараў, у свяце прымуць удзел матацыклісты з Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі, краін Заходняй Еўропы. Фестываль унесены ў сусветны каляндар афіцыйных мерапрыемстваў Harley-Davidson. Мерапрыемства арганізавана клубам H.O.G. Iron Birds пры падтрымцы Harley-Davidson Расія і СНД, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, УДАІ МУС Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь і накіравана на ўмацаванне сяброўскіх адносін паміж краінамі і развіццё турызму ў Беларусі.
Гледачы ўбачаць парад матацыклістаў. Шматтысячную калону байкераў у суправаджэнні спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы "Страла" МУС пройдзе ад Кургана Славы па галоўных праспектах сталіцы да Палаца спорту. Тут роўна апоўдні для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства пачнецца забаўляльная праграма.
"Запланаваны фантастычныя трукі на матацыклах ад лепшых стантрайдэраў Harley-Davidson. Усе жадаючыя, якія маюць адпаведную кіроўчую катэгорыю, змогуць пракаціцца на гэтай тэхніцы. Ну а тыя, у каго не адкрыта ў правах катэгорыя "А1", змогуць паспрабаваць здаць практычны экзамен супрацоўнікам ДАІ", — дадалі ў прэс-службе.
Упершыню ў праграме — Дрыфт-шоў на матацыклах і аўтамабілях. Упрыгожаннем мерапрыемства стане кастом-шоў, дзе будуць прадстаўлены экспазіцыі эксклюзіўных байкаў. На інтэрактыўнай пляцоўцы для дзяцей выступяць юныя інспектары дарожнага руху і аніматары.
"Таксама ў рамках мерапрыемства пройдзе міжнародны турнір па кросфіту, які збярэ больш за 3 тысячы спартсменаў з розных краін. Яркім завяршальным акордам фестывалю стане святочны салют", — рэзюмавалі арганізатары.