МІНСК, 3 вер — Sputnik. Дзень беларускага пісьменства адзначаць у нядзелю ў Полацку, дзе ў гэтыя дні сабраліся госці з 12 краін свету, паведамляе Sputnik.
Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ўжо два дзесяцігоддзі, а ў год 500-годдзя кнігадрукавання яго сталіцай абралі Полацк — культурную сталіцу Беларусі і радзіму першадрукара Францыска Скарыны.
Адзначаюць чарговае свята беларускага пісьменства ў Полацку ужо з пятніцы, аднак асноўныя мерапрыемствы традыцыйна прызначаныя на нядзелю 3 верасня.
Праграма свята ў гэтым годзе вельмі насычаная: Полацк наведалі дэлегацыі дзеячаў культуры, пісьменнікаў і выдаўцоў з 12 краін свету. Тут жа ўручаць Нацыянальную літаратурную прэмію, праводзяць фестываль кнігі і прэсы.
У нядзелю ў Полацку адбудзецца прэм'ера дакументальнага фільма "Першадрук" — карціны "Беларусьфільма" пра Францыска Скарыну.
Дарэчы, з гэтага года юбілей беларускага кнігадрукавання адзначаны і ў афіцыйным календары ЮНЕСКА, што толькі дадае мерапрыемству высокі статус.