МІНСК, 2 вер — Sputnik. Святкаванне Дня беларускага пісьменства набывае ўсё больш глыбокі сэнс, таму што выклікае пачуццё нацыянальнай годнасці, гаворыцца ў віншаванні прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Дні беларускага пісьменства праходзяць у Полацку з 1 па 3 верасня, у гэтым годзе свята прымеркаванае і да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і менавіта тут нарадзіўся беларускі першадрукар Францыск Скарына.
"Шырокія ўрачыстасці, прысвечаныя гэтай падзеі, з году ў год набываюць усё больш глыбокі сэнс, так як вяртаюць нас да сваіх вытокаў, выклікаюць пачуццё нацыянальнай годнасці. Свята стала сведчаннем адраджэння нашых лепшых традыцый, сапраўдным сімвалам незалежнасці Беларусі", — гаворыцца ў віншаванні прэзідэнта.
Прэзідэнт адзначыў, што гледзячы на шматвяковую гісторыю Беларусі, "мы пераконваемся ў тым, наколькі значны ўклад зрабілі нашы славутыя землякі — асветнікі, вучоныя, літаратары, музыканты, мастакі — у сусветную духоўна-культурную скарбніцу".
Полацк у віншаванні Лукашэнкі названы калыскай беларускай дзяржаўнасці, у гэтым годзе горад адзначае 1155-годдзе. Прэзідэнт спадзяецца, што ўрачыстыя мерапрыемствы гэтага года застануцца ў памяці і будуць натхняць на плённую працу дзеля росквіту Радзімы.
Сёння пад звон званоў адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Гасцей чакаюць маляўнічае тэатралізаванае шэсце, міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў, навукова-практычная канферэнцыя "Полацкія чытанні", фестываль кнігі і прэсы, адкрыццё Памятнага знака "Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці" і прэзентацыя ўнікальнага мастацкага праекта "Тры Сафіі", арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Увечары ў Полацк з Благадатным агнём ад труны Гасподняй прыбудуць удзельнікі экспедыцыі "Дарога да Святыняў".
Заўтра 3 верасня ў Полацку будуць працаваць розныя тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя рады, пройдзе канцэрт майстроў мастацтваў "Залатая калекцыя беларускай песні".