МІНСК, 5 вер — Sputnik. Дажджы зноў пройдуць па Беларусі ў аўторак 5 верасня, месцамі па краіне чакаюцца ліўні, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Надвор'е ў Беларусі сапсавалася ў канцы папярэдняга тыдня з прыходам на тэрыторыю рэспублікі цыклона, які прынёс ападкі і пахаладанне.
"На большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць дажджы, месцамі — моцныя", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што ў асобных раёнах краіны чакаецца парывісты вецер хуткасцю да 14 м/с. Удзень тэмпература паветра складзе ад +10 да +16°C, па поўдні Беларусі — да + 18°C.
У Мінску ў аўторак чакаецца воблачнае надвор'е, пройдуць дажджы, а тэрмометры ўдзень пакажуць ад +14 да +16°C.